Беларусь хоча перамоваў з МЗС Літвы, каб пераламіць палітыку ізаляцыі

Кястуціс Будрыс

Кястуціс Будрыс / LRT

Беларусь не выпускае праз мяжу літоўскія фуры і дамагаецца кансультацый на ўзроўні МЗС, каб пераламіць палітыку міжнароднай ізаляцыі і санкцый. Такое меркаванне агучыў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

"Імкненні Беларусі адгадваюцца, некаторыя з іх вельмі канкрэтныя і вядомыя, паколькі мы бачылі, як гэтыя імкненні агучваліся на перамовах з ЗША. Першая задача — змяніць, калі казаць прама, пераламаць палітыку Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да Беларусі і Расіі, якая з'яўляецца палітыкай міжнароднай ізаляцыі і адмовы размаўляць з рэжымам",перадае LRT  словы кіраўніка літоўскай дыпламатыі.

Будрыс нагадаў, што ЕС праводзіць такую палітыку ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года ў Беларусі, масавымі парушэннямі правоў чалавека і садзейнічаннем Расіі ў яе агрэсіі ва Украіне.

"Сам факт таго, што ты выходзіш кантактаваць на палітыка-дыпламатычны ўзровень, азначае, што гэты крок ужо зроблены, за ім ідуць следам усе астатнія крокі — як наконт месца Беларусі ў міжнародных арганізацыях, так і наконт будучыні розных пагадненняў і месца Беларусі ў свеце ў цэлым", — патлумачыў Будрыс. Ён звярнуў увагу, што рэжым Лукашэнкі ўжо паспяхова выкарыстоўвае перамовы з адміністрацыяй ЗША.

Таксама літоўскі міністр падкрэсліў, што афіцыйны Мінск дамагаецца зняцця еўрапейскіх санкцый, якія сталі вельмі балючымі ў эканамічным і фінансавым плане. Літва абраная ў якасці мішэні, але праз яе рэжым Лукашэнкі цэліць у ЕС, мяркуе Будрыс.

Пасля трохтыднёвага закрыцця мяжы з Беларуссю Літва адкрыла 20 лістапада два пераходы. Аднак літоўскія фуры, якія затрымаліся ў нашай краіне, не могуць выехаць: афіцыйны Мінск патрабуе спярша правесці кансультацыі на ўзроўні міністраў замежных спраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.