Вальфовіч абвінаваціў Літву ў тым, што літоўскія фуры не выязджаюць з РБ

Аляксандр Вальфовіч

Аляксандр Вальфовіч / БЕЛТА

Літоўскія грузавікі застаюцца ў Беларусі, бо кіраўніцтва балтыйскай краіны не хоча ісці "на канструктыўны дыялог на палітычным узроўні". Пра гэта дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку.

На выходных Вальфовіч сустракаўся з кіроўцамі літоўскіх фур, якім не дазваляюць выехаць з Беларусі. Агулам у нашай краіне, як паведамляецца, застаюцца больш за 1800 машын літоўскіх перавозчыкаў. Лукашэнка адкаментаваў, што "разрульваць" праблему павінны міністэрствы замежных спраў дзвюх краін.

"Мне было даручана паглядзець, якія ў іх ёсць праблемы, растлумачыць ім сітуацыю, што не Беларусь справакавала гэтую абстаноўку, не па віне Беларусі яны засталіся тут. Беларусь гатовая да канструктыўнага дыялогу з усімі сваімі суседзямі на палітычным узроўні. Гэтым павінна займацца Міністэрства замежных спраў", — заявіў Вальфовіч у каментары дзяржаўнаму інфармагенцтву БЕЛТА.

Паводле яго, кіроўцы з разуменнем паставіліся да сітуацыі і нібыта нават дзякавалі Лукашэнку.

Пасля трохтыднёвай паўзы Літва 20 лістапада адчыніла два пераходы на мяжы з Беларуссю. Тым не менш грузавікі з літоўскімі нумарамі, якія затрымаліся ў Беларусі на момант закрыцця мяжы, дагэтуль не могуць пакінуць нашу краіну. Кіраўнік асацыяцыі літоўскіх перавозчыкаў паведамляў, што афіцыйны Мінск патрабуе правесці наконт машын перамовы на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.