Літоўскія фуры па-ранейшаму не могуць выехаць з Беларусі
Фуры, ілюстрацыйнае фота / @gpkgovby
Хаця пераходы на беларуска-літоўскай мяжы адкрытыя ўжо пятыя суткі, літоўскія фуры, якія затрымаліся ў Беларусі, па-ранейшаму не могуць выехаць у Літву. Пра гэта журналістам зранку ў панядзелак расказаў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы (VSAT) Гедрус Мішуціс.
"Інфармацыі пра грузавікі, якія знаходзіліся б у Беларусі доўгі час і вярнуліся б, на гэтую раніцу не было", — перадае яго словы выданне LRT.
Мішуціс удакладніў, што праз мяжу працягвае ездзіць толькі той транспарт якія заехаў у Беларусь пасля адкрыцця пунктаў. Такія грузавікі і паўпрычэпы заехалі ў Беларусь, разгрузіліся і вярнуліся назад у Літву.
"Едуць тыя (грузавікі. — Рэд.), якія маюць права. Большасць сярод іх — кіроўцы з Расіі са спрошчанымі транзітнымі дакументамі", — удакладніў прадстаўнік літоўскай памежнай службы.
Паводле звестак VSAT, за апошнія суткі мяжу Беларусі перасеклі 45 грузавых фур праз пункт Шальчынінкай і 68 — праз пункт Мядзінінкай.
Літва адкрыла два памежныя пункты на мяжы з Беларуссю 20 лістапада пасля трохтыднёвага закрыцця. Аднак грузавікі з літоўскімі нумарамі, якія заставаліся ў Беларусі, не маюць магчымасці пакінуць краіну. Прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava Эрландас Мікенас расказаў у суботу, што пасля адкрыцця пунктаў літоўскія грузавікі прапускаюць у суправаджэнні праз мяжу ў Беларусь да тэрміналаў, дазваляюць разгрузіцца і потым зноў суправаджаюць да літоўскай мяжы.