Даярка: 10 мільёнаў атрымліваем, калі нехта з нас хварэе
Каб зарабіць такія грошы, дзве даяркі дояць 450 кароў тры разы на дзень.
На малочна-таварнай ферме “Галавічы” (СВК “Трылесіна-Агра”), што ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці, даяркі сапраўды атрымліваюць болей за тысячу долараў!
“Канечне, мо нават і болей, але яны ўтрох працуюць на адной ферме і нікога не бяруць да сябе”, — пацвярджаюць Еўрарадыё ў гаспадарцы. І гэта пры тым, што сайт Міністэрства працы прапануе каля 300 вольных месцаў з заробкам ад 9 мільёнаў рублёў.
У перапынку паміж дойкамі дазвоньваемся да адной з дзяўчат, што атрымлівае 1000 долараў за месяц. Альвіна Анатольеўна такі заробак сапраўды атрымала — у мінулым месяцы.
“10 мільёнаў? У гэтым месяцы было 10 мільёнаў, але працавалі ўдзвюх, а не ўтрох. Адна з нашых калег была на бальнічным — зламала руку, тады выходзіць 10 мільёнаў рублёў “бруднымі“. А так — у месяц каля 8 мільёнаў “чыстымі”, — распавядае Альвіна Анатольеўна.
Ніякага адбору, як на "Еўрабачанні", на ферму не было — проста перайшлі з іншай фермы, калі адкрылі новую.
Даяркі працуюць толькі ўтрох — па-першае, яны ўжо ведаюць кароў “у твар”, маюць падыход да кожнай, а па-другое, так можна зарабіць грошай.
“Нават у адпачынак не ідзём, бяром кампенсацыю”, — прызнаецца Альвіна. Даярка разважае, што грошы, хай сабе і 8 мільёнаў, заслужаныя: даіць кароў трэба тры разы на дзень, таму жанчыны на працы з 5-й раніцы да 11-й вечара. З такім графікам працы асабліва і на сям’ю не хапае часу.
“Я вось з вамі гавару, трымаю слухаўку, а сама рукі не адчуваю — пальцы нямеюць проста”, — прызнаецца Альвіна пра цяжкую працу. Хоць дояць кароў аўтаматычнай дойкай, але трэба масаж вымя. І апараты не заўсёды чыста выдойваюць, таму трэба ўручную.
Пытаемся, куды Альвіна выдаткоўвае грошы ў вёсцы, але высвятляецца, што гэтая сума не асабліва багатая:
“Адкладаць грошы ў доларах не атрымліваецца, усё ідзе на ўнукаў, дзяцей. А вы паглядзіце, якія кошты ў краме! У мяне пяцёра ўнукаў: адзін пачак тварагу — 10 тысяч. А колькі таго пачку на пяцярых? А апрануцца патрэбна, каб не сорамна было перад людзьмі”.
Нейкага буйнога набытку Альвіна ўспомніць не можа, але памятае пра крэдыт — бралі дачцэ на будаўніцтва, але з ім не зраслося і грошы пайшлі на бытавыя патрэбы.
Як даведалася Еўрарадыё, у гаспадарцы "Трылесіна-Агра" некалькі малочна-таварных фермаў, на якіх працуе наогул 30 даярак. Толькі ў трох фермах заробак 8 мільёнаў рублёў. Астатнія працуюць па 4-6 чалавек на ферме, заробак у 4-6 мільёнаў лічаць нармальным.