Даччынная каманда мінскага ФК “Дынама” можа спыніць існаванне

Даччынная каманда мінскага ФК “Дынама” можа спыніць існаванне

Футбольны клуб “Бяроза-2010”, які выступае ў першай лізе чэмпіянату Беларусі, можа спыніць сваё існаванне. Як паведамляе афіцыйны сайт каманды, па завяршэнні тэрмінаў арэнды і кантрактаў клуб пакінулі футбалісты і персанал. Апроч таго, з каманды сышоў увесь трэнерскі штаб на чале з Андрэем Лаўрыкам.

Адкрытым застаецца пытанне аб удзеле “Бярозы-2010” у сёлетнім чэмпіянаце і “няма ніякай упэўненасці, што каманда зможа працягнуць выступ у першай лізе, як і заявіцца ў другую”, адзначаецца на сайце клуба.

Прычыны такой сітуацыі не раскрываюцца.

ФК “Бяроза-2010” з’яўляецца даччынным клубам мінскага “Дынама”. У мінулым сезоне яна заняла 11-е месца ў першай лізе сярод 16 каманд. Раней большая частка фінансавання клуба ішла праз кампанію “Трайпл”, якую ачольвае буйны бізнэсмен Юрый Чыж, але цяпер фінансаванне з невядомых прычынаў спынілася.