Былы студэнт вінаваціць выкладчыка Мінскага каледжа мастацтваў у дамаганнях

Анатоль Карповіч / МДКМ
Былы студэнт Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Арцём Каўрыга абвінаваціў у дамаганнях свайго выкладчыка Анатоля Карповіча — харэографа і кіраўніка ансамбля "Белая Русь". Гэта адбылося, калі студэнту было 15 гадоў.
Цяпер Арцёму Каўрыгу 30 гадоў, ён жыве ў амерыканскім Сан-Дыега і працуе фларыстам. Ён апублікаваў у сацсетках відэаролік з прызнаннем па дзвюх прычынах — каб самому вылечыцца ад траўмы і папярэдзіць студэнтаў ды іх бацькоў.
Арцём паступіў у Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў у 2009 годзе. ён навучаўся на аддзяленні "Народная харэаграфія", якім загадваў Анатоль Карповіч. Малады чалавек расказаў, што пасля адной з рэпетыцый Карповіч папрасіў яго дапамагчы адвезці канцэртныя касцюмы да яго дадому. Там ужо была гатовая вячэра, падчас якой выкладчык прапанаваў 15-гадоваму студэнту каньяк. Пасля чарговай чаркі Карповіч прапанаваў хлопцу выпіць на брударшафт, а потым пацалаваў яго: "Ён схапіў мяне за патыліцу, пацягнуў да сябе і яго язык апынуўся ў мяне ў роце".
У каментары "Нашай Ніве" Арцём расказаў, што іх сувязь цягнулася каля года, ён не раз бываў дома ў выкладчыка. Той прасіў студэнта рабіць масаж і займацца з ім аральным сэксам. Апошняе ён яму прапанаваў зрабіць у кабінеце Цэнтра народнай творчасці, дзе праходзілі рэпетыцыі ансамбля "Белая Русь".
На другім курсе Каўрыга забраў дакументы з каледжа, іх адносіны з Карповічам абарваліся. Некалькі месяцаў таму малады чалавек напісаў былому выкладчыку — маўляў, каб "выцягнуць словы" пра тое, што адбывалася. У перапісцы, якую Арцём паказаў "НН", харэограф адказваў на паведамленні па-прыяцельску і згадваў іх адносіны.
Пасля публікацыі роліка Каўрыга зноў напісаў Карповічу. Той ператэлефанаваў і сказаў, што не разумее, чаго былы студэнт хоча дамагчыся. Харэограф заявіў, быццам яго звольнілі з каледжа. Між тым, у каментары выданню "Зеркало" ён сказаў, што яго адхілілі ад удзелу ў прыёмнай кампаніі.
Каўрыга кажа, што цяпер яму ў інстаграме пішуць людзі 1994, 1999 і іншых гадоў выпуску з каледжа, якія сутыкаліся з падобным. Паводле яго, некаторым ужо 50-55 гадоў, гэтыя людзі жывуць у Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.