Без пераходнага перыяду. Польшча адказала студэнтам пра моўны сертыфікат

Варшавский университет

Каб паступіць беларусу ў польскую ВНУ, трэба мець сертыфікат на веданне мовы не ніжэй за B2 / studyinpoland.ru

Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы пацвердзіла, што для паступлення замежніка ў любую ВНУ Польшчы неабходны сертыфікат на веданне польскай мовы або замежнай мовы навучання на ўзроўні не ніжэй за B2.

Прэс-служба ведамства ў адказ на запыт Еўрарадыё адзначае, што змены ў заканадаўстве, прынятыя гэтым летам, сталі прамым вынікам Закона ад 4 красавіка 2025 года аб унясенні змяненняў у некаторыя законы з мэтай ліквідацыі парушэнняў у візавай сістэме.

— Гэты закон уступіў у сілу 1 ліпеня бягучага года і ўсклаў на міністра, адказнага за вышэйшую адукацыю, абавязак вызначыць у выглядзе пастановы пералік дакументаў, якія пацвярджаюць веданне мовы навучання. Мэтай гэтых рашэнняў з’яўляецца забеспячэнне аб’ектыўнай і адзінай праверкі моўных кампетэнцый замежных абітурыентаў, а таксама павышэнне якасці адукацыі і бяспекі працэсу набору студэнтаў.

У лісце паведамляецца, што пастанову рыхтавалі адкрыта, а выдалі яе па графіку да набору студэнтаў на 2025/2026 навучальны год.

— У сувязі з гэтым увядзенне пераходнага перыяду аказалася немагчымым, бо гэта супярэчыла б дзеючым нормам закона, — гаворыцца ў лісце прэс-службы ў адрас Еўрарадыё.

Паводле іх слоў, пастанова ў сваёй цяперашняй форме рэалізуе законную мэту — забеспячэнне роўнага і празрыстага працэсу праверкі ведання мовы навучання для замежнікаў з краін, якія не ўваходзяць у ЕС.

Раней у сувязі з гэтымі зменамі беларускія студэнты ў Польшчы напісалі петыцыю з просьбай зрабіць пераходны перыяд для паступіўшых у польскія ВНУ ў 2025 годзе.

Яны таксама баяліся, што патрабаванне здачы экзамену на польскі моўны сертыфікат закране беларусаў-выпускнікоў польскіх школ. Гэта аказалася памылковым меркаваннем.

У адказе на запыт Еўрарадыё польскае Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі ўказала, што патрабаванне дакумента, які пацвярджае веданне мовы на ўзроўні не ніжэй за B2, распаўсюджваецца выключна на замежнікаў, якія паступаюць на навучанне па праграмах бакалаўрыята або адзіных магістарскіх праграм, і паступаюць з замежным атэстатам.

Тыя, хто мае польскі атэстат сталасці, вызваляюцца ад гэтай абавязковасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.