Беларускія падлеткі могуць не трапіць у ВНУ Польшчы праз нечаканыя змены законаў

Студэнты-першакурснікі з Беларусі могуць не пачаць навучанне ў Польшчы / pixabay.com
Беларускія падлеткі, магчыма, не змогуць сёлета пачаць навучанне ў польскіх ВНУ праз адсутнасць сертыфікатаў на веданне польскай мовы. Гэта тычыцца як дзяржаўных, так і прыватных устаноў адукацыі.
— Гэта нагадала, як у нас — усё заднім чыслом, — кажа ў гутарцы з Еўрарадыё беларуска Вольга (імя заменена). Яе дачка — адна са шматлікіх будучых першакурсніц польскага ВНУ, якія сутыкнуліся з нечаканай зменай у законе.
31 ліпеня 2025 года ў сілу ўступіла новае распараджэнне (Распараджэння Міністра навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы ад 30 ліпеня 2025 г. Dz. U. z 2025 r. poz. 1045), якое змяняе патрабаванні да моўных дакументаў, неабходных для паступлення на навучанне. Паводле гэтых правілаў, толькі дзяржаўныя (або спецыяльна вызначаныя) сертыфікаты будуць прызнавацца як пацвярджэнне валодання мовай. Гэта ўводзіцца практычна імгненна — без пераходнага перыяду, у разгар уступнай кампаніі.
“Здзіўленню і абурэнню не было межаў”
Вольга кажа, што дачка вучыла польскую мову, а потым здала ў Беларусі іспыт на С1 (гэта значыць амаль вольнае валоданне мовай).
—Магчыма на дзяржаўным іспыце яна б не паказала такі ж вынік. Але шмат у каго ёсць такі план, каб першы год адвучыцца платна і пасля здаць іспыт, каб працягнуць навучанне бясплатна.

Сям’я рыхтавалася да паступлення ў два польскія ўніверсітэты, вырашыла пытанне настрыфікацыі атэстата, якое ўвялі з 1 ліпеня 2025 года, і ўрэшце аплаціла першы год навучання.
— Экзамен па пацвярджэнні моўнага ўзроўню маглі праводзіць універсітэты па сваім жаданні. Мы акурат такія і здавалі. У адным універсітэце трэба было здаць тэст анлайн і прайсці сумоўе і дадаткова тэст, які тычыўся менавіта абранага накірунку. У іншым — быў троху цяжэйшы іспыт, але і так дзіця здало на С1.
Дачка Вольгі паступіла адразу на некалькі накірункаў і выбрала той, у якім была больш упэўненай.
— Усё было добра, але 31 ліпеня мы атрымалі ліст, маўляў, калі ў вас няма настрыфікацыі пацверджанай NAWA (Нацыянальнае агенцтва па акадэмічных абменах), выстаўленай да 30 ліпеня, просім устрымацца ад падачы дакументаў. І потым — ігнор. Мы званілі, пісалі лісты і два дні ніхто не адказваў, што дзіўна, бо раней не было праблем з камунікацыяй. Потым даведаліся, што прынялі нейкую змену ў закон датычна мовы.
Праз новыя правілы замежнікі могуць быць прынятыя ў польскія ВНУ толькі з дзяржаўным моўным сертыфікатам B2 або пасля заканчэння “зэрувкі” (9-месячны курс польскай мовы пры ўніверсітэтах у рамах падрыхтоўкі да навучання) ці з сертыфікатамі ECL і TELC.
Справа ў тым, што здаць такія іспыты можна ў Польшчы, а, напрыклад, дзіця Вольгі пакуль не мае візы.
— Здзіўленню, абурэнню мяжы не было. Не апісаць колькасць эмоцый. Бо ну як? Людзі рыхтаваліся па адных правілах. Іх прынялі. А тут, пасярод уступнай кампаніі папраўка ў закон. Гэта нагадала, як у нас — усё заднім чыслом. І зразумела, чаму ВНУ не адказвалі, яны самі не ведалі, што рабіць.

Вольга кажа, што пазней да іх пачала даходзіць інфармацыя, што шмат хто адмовіў ужо прынятым студэнтам. Казалі, што адразу вернуць грошы за навучанне.
Але жанчына верыць, што сітуацыя можа змяніцца з дня на дзень. Яна звяртае ўвагу, што асабліва страшнай сітуацыя выглядае для хлопцаў, бо перад імі вісіць рызыка трапіць у войска.
Студэнты напісалі петыцыю
Сёлетнія абітурыенты склалі петыцыю да польскага міністра адукацыі
Яны звяртаюць увагу, што для многіх замежнікаў, у тым ліку беларусаў, гэта азначае немагчымасць працягваць ці распачаць навучанне, бо:
- дзяржаўныя экзамены праводзяцца рэдка, месцаў бракуе;
- без сертыфікату немагчыма атрымаць візу, а без візы — прыехаць у Польшчу і здаць экзамен;
- многія ўжо прайшлі моўныя экзамены ва ўніверсітэтах, але цяпер яны не будуць прызнаныя.
Таму яны заклікаюць:
- адкласці ўвядзенне гэтых правілаў хаця б да 2026/2027 акадэмічнага года;
- часова прызнаць унутраныя моўныя экзамены;
- распрацаваць пераходныя механізмы.
Як кажа аўтарка петыцыі і будучая першакурсніца SWPS Дар’я, універсітэты сам указ сустрэлі па-рознаму.
— Хтосьці казаў, што прымаць не будуць нікога, хто не мае сертыфікату, а хтосьці казаў, што ўказ атрымаў моц 1 жніўня, таму ўсе, хто атрымаў станоўчае рашэнне аб прыняцці перад 1 жніўня, той будзе залічаны, і няма чаго перажываць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.