Пракуратура Польшчы зацікавілася візавай праграмай для беларускіх айцішнікаў

Віза, ілюстрацыйнае фота / immigranthouse.com
Дасудовую вытворчасць па справе аб візавай праграме Poland. Business Harbour (PBH) пачала акруговая пракуратура польскага горада Зялёна-Гура. Візы па гэтай праграме атрымлівалі пераважна беларускія айцішнікі.
Праграма PBH была запушчаная ў 2020 годзе, каб прыцягнуць у Польшчу спецыялістаў і тэхналагічныя кампаніі з Беларусі. Пазней яе пашырылі на іншыя постсавецкія краіны. У рамках гэтай праграмы рэлакантам выдавалі нацыянальную візу, аказвалі юрыдычную падтрымку пры пераездзе, дапамогу ў кантактах з органамі самакіравання і інвестарамі. Праграма была закрытая 26 студзеня 2024 года, бо ў Польшчы ўзніклі сумневы ў мэтавым выкарыстанні віз.
Паводле пракуратуры, следства павінна выявіць, "ці мела месца перавышэнне паўнамоцтваў і невыкананне абавязкаў" з боку службовых асоб у рамках праграмы PBH, піша MOST.
Мяркуецца, што ў польскія консульствы накіроўваліся лісты аб прыярытэтным разглядзе заяваў беларускіх айцішнікаў, якія адпавядаюць умовам праграмы PBH, а таксама іх блізкіх. Акрамя таго, консулаў у Беларусі, як мяркуецца, інструктавалі, каб яны прымалі заявы на візы ад грамадзян іншых краін, калі тыя працавалі ў кампаніях, што перавезлі супрацоўнікаў у Польшчу. Для гэтага патрабавалася заява працадаўцы, які атрымаў рэкамендацыі для ўдзелу ў праграме PBH.
Таксама следства вывучыць, як праграма PBH была пашыраная на іншыя краіны — Украіну, Расію, Арменію, Грузію і Малдову.
Падчас скасавання праграмы PBH польскія чыноўнікі паведамлялі, што ў краіну пераехала толькі 15% ад усіх атрымальнікаў віз PBH.
Агулам па праграме было выдадзена каля 95 115 віз.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.