Хочуць у дызайнеры, а не аграрыі: першыя вынікі ўступнай кампаніі ў Беларусі

Першыя вынікі ўступнай кампаніі ў Беларусі / Еўрарадыё
У Беларусі заканчваецца прыём дакументаў на бюджэтнае аддзяленне ва ўніверсітэты. На многія папулярныя спецыяльнасці прэтэндуюць больш за пяць абітурыентаў на месца. Але ёсць месцы, дзе недабор можа скласці дзясяткі чалавек.
Еўрарадыё паглядзела маніторынг у апошні дзень уступнай кампаніі на бюджэт 2025 года і распавядае, дзе хочуць вучыцца Беларускія абітурыенты.
Самыя папулярныя спецыяльнасці ў 2025 годзе
Самыя высокія балы ў БДУ традыцыйна на факультэце міжнародных адносін (ФМА). На спецыяльнасць "Міжнароднае права" плануюць набраць 10 чалавек на бюджэт, пры тым, што 10 чалавек падалі дакументы з баламі ад 396 да 400, а аднаго залічылі без экзаменаў. Атрымліваецца, што адзін чалавек, які набраў 396-400 пойдзе на платнае.
Усяго на ФМА 25 чалавек падалі дакументы практычна з максімальнымі баламі.
Велізарны конкурс на факультэце сацыякультурных камунікацый на спецыяльнасці "Графічны дызайн і мультыдызайн": пры плане ў 10 чалавек туды падалі дакументы ўжо 124 чалавекі — гэта 12,4 абітурыента на месца.
А на "Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя" конкурс складае 5,4 чалавекі на месца.
На эканомфаку БДУ на спецыяльнасць "Міжнародная эканоміка і гандаль" пры плане ў 20 чалавек, дакументы падалі 63 чалавекі.

На "Прыкладную інфарматыку" на мехмаце БДУ да апошняга дня прыёму прынёс дакументы 121 чалавек, пры тым што план складае толькі 65 чалавек. 34 чалавекі паступяць туды без экзаменаў, а 18 абітурыентаў прынеслі дакументы з баламі ад 396 да 400.
У БДУІРы велізарны ажыятаж на спецыяльнасць "Праграмная інжынерыя": пры наборы ў 40 чалавек заявы падалі 184 абітурыенты — гэта амаль 5 чалавек на месца.
А на спецыяльнасць "Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі" конкурс складае 5,5 чалавек на месца: 14 бюджэтных месцаў і 79 жадаючых паступіць.
У БНТУ самыя папулярныя спецыяльнасці — "Бізнэс-адміністраванне" і "Маркетынг", туды прэтэндуюць амаль пяць чалавек на месца.
Як заўсёды, вялікі ажыятаж і ў БДМУ. Калі не браць у разлік мэтавікоў, якіх плануецца набраць большасць, конкурс на кожную спецыяльнасць складае больш чалавека на месца.
Куды не хочуць паступаць?
Зусім не хочуць паступаць у Горацкую сельгасакадэмію. На большасць спецыяльнасцяў тут катастрафічны недабор.
Напрыклад, на "Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання" пры плане ў 91 чалавек, дакументы прынеслі ўсяго 16 чалавек.
Не лепш і з "Вытворчасцю прадукцыі расліннага паходжання" — тут план 102 чалавекі, а падалі заявы ўсяго толькі 52 чалавек.
"Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі" таксама не карыстаецца попытам у моладзі: 45 пададзеных заяў пры наборы ў 72 чалавекі.

Ніхто не хоча вучыцца на аграрыяў і ў Мінску. У БДАТУ на спецыяльнасці "Тэхнічнае забеспячэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі" недабор складае 75 чалавек. На большасць іншых спецыяльнасцяў гэтай ВНУ таксама недаборы.
Не спяшаюцца Беларускія абітурыенты паступаць і на педагогаў: на настаўніка фізікі і інфарматыкі ў БДПУ па дадзеных на сярэдзіну дня 17 ліпеня падалі дакументы 51 чалавек, хоць план — 70. Пры гэтым толькі двое з іх набралі больш за 300 балаў.
З будучымі настаўнікамі рускай або беларускай моў таксама ўсё сумна: хоць конкурс на гэтых спецыяльнасцях і адбыўся, але ні адзін з абітурыентаў не змог набраць больш за 300 балаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.