Мінадукацыі не знайшло парушэнні ў адлічэнні студэнта, які стаяў спінай да сцяга
Кірыл на лінейцы 1 верасня / фота з TikTok-акаўнту хлопца
У верасні трэцякурсніка БДЭУ Кірыла выключылі з універсітэта. Як кажуць, ён стаяў спінай да дзяржаўнага сцяга. На скаргу Кірыла ў Мінадукацыі чыноўнікі адказалі, што парушэнняў пры яго выключэнні не было, піша выданне "Зеркало".
Кірыл вучыўся на платнай форме. Афіцыйнай прычынай яго адлічэння названае "невыкананне або неналежнае выкананне без паважных прычын абавязкаў навучэнцам, які мае нязнятае (непагашанае) дысцыплінарнае спагнанне".
Дамову на навучанне кіраўніцтва ўніверсітэта скасавала за парушэнне правілаў унутранага распарадку БДЭУ. На іх думку, яно "выявілася ў здзяйсненні дзеянняў, за якія заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная або крымінальная адказнасць".
Сам хлопец мяркуе, што прычынай стала відэа з лінейкі на 1 верасня, дзе ён стаяў паміж дзвюма дзяўчатамі і рухаўся пад гімн Беларусі. Ролік ён выклаў у TikTok, і той нібыта дайшоў да Мінадукацыі. А чыноўнікі пабачылі "непавагу да дзяржсімвалаў", бо маладыя людзі стаялі спінай да сцяга.
Раней у хлопца былі акадэмічныя запазычанасці і спагнанне. Злашчаснае відэа стала падставай для другога спагнання і адлічэння.
Экс-студэнт звязаўся з адвакатам — той палічыў выключэнне неправамерным, і не пабачыў у відэа "непавагі да дзяржсімвалаў". Кірыл напісаў скаргу ў Мінадукацыі, але чыноўнікі не знайшлі парушэнняў у яго адлічэнні.
На сакавік 2026 года яму ўжо ўручылі позву ў ваенкамат.