Са студэнтаў бяруць распіскі аб праверцы сацсетак на "экстрэмізм"

Студэнты, ілюстрацыйнае фота

Студэнты, ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё

У Гомелі са студэнтаў бяруць распіску, што яны правераць свае падпіскі ў сацсетках на наяўнасць "экстрэмізму". Фатаздымак такой распіскі, якую прымушаюць падпісваць у адным з універсітэтаў, публікуюць праваабаронцы "Гомельскай Вясны".

Студэнты мусяць даць распіску, што іх папярэдзілі аб "супрацьпраўнасці падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы". Таксама яны абавязваюцца праверыць усе свае падпіскі на "экстрэмісцкасць" праз спецыяльны тэлеграм-бот.

Праваабаронцы нагадваюць, што такое патрабаванне супярэчыць артыкулу 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая гарантуе кожнаму права на свабоду перакананняў і іх свабоднае выказванне.

Таксама юрыст "Вясны" папярэджвае, што праз тэлеграм-бот можа весціся збор персанальных звестак пра нібыта "нядобранадзейных" студэнтаў і стварацца база даных. "Калі ты сябе правяраеш праз нейкі бот — значыць, ты не ўпэўнены, што ў цябе няма чагосьці нібыта "экстрэмісцкага". І значыць, карным органам варта да цябе больш пільна прыгледзецца. А калі не правяраеш, то заўжды можна сказаць, што ты ведаеш, што ні на што нібы “экстрэмісцкае” ты не падпісваўся”, — кажа юрыст.

Са студэнтаў бяруць распіскі аб праверцы сацсетак на "экстрэмізм"
Распіска / "Гомельская Вясна"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.