У Клімавічах студэнта аштрафавалі за тое, чаго ён не рабіў
Грошы, ілюстрацыйнае фота / Euroradio
Студэнта каледжа ў Клімавічах памылкова аштрафавалі за куплю алкаголю непаўналетняму. У справу ўмяшалася пракуратура.
Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён купіў падлетку спіртное і тым самым залучаў яго ў антыграмадскія паводзіны (арт. 19.4 КаАП). Суд прызначыў студэнту штраф — 210 рублёў (5 базавых велічыняў).
Але падчас праверкі высветлілася, што падчас правапарушэння студэнт быў зусім у іншым горадзе. Адпаведна, учыніць тое, у чым яго абвінавацілі, хлопец ніяк не мог. Пракурор апратэставаў прысуд, і штраф быў адменены праз недаказанасць.
Пракуратура запатрабавала правесці новы разгляд справы. Падчас яго міліцыянты выявілі сапраўднага парушальніка, які купіў спіртное непаўналетняму. Яго прыцягнулі да адказнасці.