Брэстаўчанка абвінавачаная ў жорсткім забойстве свайго 5-месячнага сына
20-гадовая маладая маці не хацела выхоўваць сваё дзіця і часта пакідала яго без нагляду.
Брэсцкая абласная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачанні 20-гадовай жыхаркі Брэста ў забойстве свайго пяцімесячнага сына.
22 лістапада хлопчыка даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне абласной лякарні ў цяжкім стане. Праз пяць дзён немаўля памёрла. Тады затрымалі яго 20-гадовую маці па падазрэнні ў забойстве. Следчыя выявілі, што дзяўчына не жадала выхоўваць сваё дзіця, перыядычна выпівала і магла пакінуць хлопчыка без нагляду — яна спадзявалася, што за ім прыглядзяць малодшыя брат і сястра яе мужа.
2 лютага Брэсцкая абласная пракуратура накіравала справу ў суд, паведамляе TUT.by. Маладую маці абвінавачваюць у жорсткім забойстве малалетняга, які знаходзіўся ў бездапаможным стане.