Брэсцкі акумулятарны завод “Айпаўэр” сыходзіць у часовы прастой

Працоўныя на заводзе летам 2019 года

Працоўныя на заводзе летам 2019 года / ААТ "Акамулятарны альянс"

Брэсцкі акумулятарны завод, больш вядомы як “Айпаўэр”, плануе сысці ў часовы прастой да 12 траўня і скараціць склад штатных супрацоўнікаў. З чым звязаная неабходнасць прастою і колькі супрацоўнікаў скароцяць, у кампаніі не патлумачылі.  

Журналіст Еўрарадыё даведаўся пра гэта, патэлефанаваўшы ў аддзел кадраў прадпрыемства пад выглядам беларуса, які шукае працу. Нагодай для званка стала праверка чутак, што завод можа неўзабаве закрыцца.

 

Што вядома пра Брэсцкі акумулятарны завод і яго ўладальнікаў

Прадпрыемства ў Брэсце было зарэгістраванае ў студзені 2016 года (сам завод быў пабудаваны цалкам у пачатку 2020 года) і стала рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны “Брэст” у красавіку таго ж года. Яно спецыялізуецца на вытворчасці шырокага спектра акумулятарных батарэй, а таксама батарэй для крыніц бесперабойнага сілкавання і сістэм назапашвання энергіі. На прадпрыемстве стварылі 138 працоўных месцаў.

Яго ўладальнікам быў пінскі прадпрымальнік Віктар Лемяшэўскі. Але праект сутыкнуўся з маштабнымі пратэстамі жыхароў горада і экаактывістаў, занепакоеных магчымай рызыкай для здароўя і навакольнага асяроддзя ад працы завода. 

Брэсцкі акумулятарны завод “Айпаўэр” сыходзіць у часовы прастой
Фасад Брэсцкага акамулятарнага завода падчас яго будаўніцтва ў 2018 годзе / "Медыя-Палессе"

У той жа час Лемяшэўскі стаў фігурантам крымінальнай справы — яго абвінавачвалі ў даванні хабару, і ён трапіў у СІЗА КДБ. У канцы 2019 года ён выйшаў пад заклад, а ў траўні 2020 года быў вымушаны вывесці будоўлю завода з-пад кантролю групы кампаній 1AK-GROUP і перадаць яго новым уласнікам.

Імі сталі ўладальнік дылера складской тэхнікі “Семь холмов” Сяргей Кагановіч (85% у статутным фондзе) і былы кіраўнік хакейнага клуба “Дынама-Мінск” і падазраваны ў забойстве актывіста Рамана Бандарэнкі восенню 2020 года Дзмітрый Баскаў з доляй 15%. 

Тады ж прадпрыемства перайменавалі ў “Акумулятарны Альянс”. Яно аператыўна вырашыла канфлікты з уладамі і грамадскасцю, і ўжо ў сярэдзіне 2021 года завод запрацаваў.

Восенню 2021 года Кагановіч і Баскаў дасягнулі дамоўленасці з былымі ўладальнікамі Віктарам Лемяшэўскім і Аляксадрам Папком. Апошнія праз расійскую кампанію “Арконт” атрымалі 40% у “Акумулятарным Альянсе”, Баскаў павялічыў сваю долю да 40%, а яшчэ 20% перайшлі Брэсцкаму аблвыканкаму. Такім чынам, “Акумулятарны Альянс” зноў быў уключаны ў структуру 1AK-GROUP.

З 2022 года кампанія пачала экспансію на расійскі рынак: была набытая оптава-рознічная кампанія “Озбетериз”, якая займаецца продажам акумулятараў у Паўночна-Заходнім рэгіёне Расіі. Таксама на гэты рынак арыентаваны няпрофільны бізнес групы — вытворца складской тэхнікі 4RM Systems, які быў набыты ў польскай кампаніі “Модэрн-Экспа”, што сышла з беларускага рынку.

Акрамя брэсцкага акумулятарнага завода ў склад 1AK-GROUP уваходзіць шэраг іншых прадпрыемстваў, якія займаюцца металаапрацоўкай, вытворчасцю сельскагаспадарчай тэхнікі і транспартнымі паслугамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.