Не маем звестак пра дачыненне ўладаў РБ да запуску метэазондаў — МУС Літвы

Уладзіслаў Кандратовіч / J. Stacevičiaus, LRT
Літва не мае інфармацыі пра датычнасць беларускіх службовых асоб да запуску метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч.
"У нас няма такой інфармацыі, і я не маю яе з іншых крыніц", — прыводзіць яго словы LRT. Разам з тым літоўскі міністр адзначыў, што не ведае і пра якія-небудзь дзеянні беларускіх службовых асоб для таго, каб стрымаць такія дзеянні.
Як паведамлялася раней, сёння ўначы з Беларусі ў Літву прыляцелі некалькі дзясяткаў кантрабандных метэазондаў з цыгарэтамі. На цяперашні час Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы перахапіла 12 паветраных шароў і затрымала чатырох чалавек, як мяркуецца датычных да кантрабанды.
У выніку начной кантрабанднай "атакі" была паралізаваная праца віленскага аэрапорта, што закранула каля 30 рэйсаў. Памежныя пункты пропуску "Мядзінінкай" і "Шальчынінкай" былі зачыненыя на некалькі гадзін.
Прэм'ер-міністр Інга Ругінене зранку 22 кастрычніка заявіла, што пры паўтарэнні такой масавай атакі Літва цалкам закрые мяжу з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.