Звольнілі першага прарэктара Акадэміі музыкі Юрыя Караева

Юрый Караеў

Юрый Караеў / сайт Акадэміі музыкі

З Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі звольнілі першага прарэктара Юрыя Караева. Як піша "Наша Ніва", гэта адбылося 8 верасня.

Караеву 42 гады, ён карэнны мінчук. У Акадэміі музыкі пачаў працаваць яшчэ ў 2008 годзе.

Даныя пра дацэнта кафедры харавога дырыжавання Караева з раздзелаў "Кіраўніцтва" і "Вакальна-харавы факультэт" ужо выдаленыя. Але яго асабістая старонка на сайце дагэтуль адкрываецца.

Журналіст НН датэлефанаваўся ў Акадэмію музыкі як прыватная асоба, але прычыну звальнення прарэктара яму назваць адмовіліся. Не ведаюць канкрэтыкі і студэнты.

Караеў — аўтар шэрагу дакладаў і артыкулаў па тэме оперна-харавой драматургіі. Ён выступаў у хоры Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. З рознымі калектывамі гастраляваў у Германіі, Даніі, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Польшчы, Францыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.