Ураджэнку Баранавічаў прызналі найлепшай лёгкаатлеткай года ў Польшчы

Марыя Жодзік

Марыя Жодзік / pzla.pl

Найлепшай польскай лёгкаатлеткай года прызнаная Марыя Жодзік з Баранавічаў, якая займаецца скачкамі ў вышыню. Яе імя было названае падчас гала-вечарыны "Лаўры каралевы спорту".

28‑гадовая спартоўка сёлета на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Токіа заваявала для Польшчы адзіны медаль з усёй зборнай. Яе перамога стала сенсацыяй. Жодзік з трэцяй спробы ўзяла вышыню ў 2 метры, хаця раней яе асабісты рэкорд складаў 198 сантыметраў. Яна заняла другое месца і атрымала срэбраны медаль.

Жодзік нарадзілася ў Баранавічах. У 2020-м яна падпісала ліст спартоўцаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. У 2022 годзе ў сацсетках асудзіла расійскую агрэсію супраць Украіны. У тым жа годзе яна пераехала ў Польшчу.

Напачатку дзяўчына была вымушаная працаваць у "Макдональдсе" і трэніравацца самастойна. Потым знайшла мясцовага трэнера, уладкавалася ў спартовы клуб у Беластоку, атрымала грамадзянства і трапіла ў зборную Польшчы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.