Адзіную сістэму аплаты праезду і продажу квіткоў робяць у Беларусі

Аўтобус, ілюстрацыйнае фота

Аўтобус, ілюстрацыйнае фота / "Наша Ніва"

Адзіную сістэму аплаты праезду мяркуецца стварыць у Беларусі. Пра гэта заявіў прадстаўнік Міністэрства транспарту Андрэй Гладкі, перадае БЕЛТА.

Працаваць яна будзе як у Мінску, так і ва ўсіх рэгіёнах краіны. Плануецца, што такая сістэма зробіць аплату праезду больш зручнай і аб'яднае розныя плацежныя метады. Стварацца яна будзе на базе працэсінгавага цэнтра "Мінсктранса". Пры гэтым будзе запушчаны адзіны эмісійны цэнтр па выпуску квіткоў на гарадскі транспарт. На пачатку 2026 года аблвыканкамы пачнуць закупляць адпаведнае абсталяванне.

Адзіную сістэму продажу квіткоў плануюць увесці і на рэгулярныя аўтаперавозкі пасажыраў. У адзіную лічбавую платформу плануецца аб'яднаць сістэмы браніравання і продажу квіткоў. Яна будзе даступная ў тым ліку з мабільных дадаткаў. Таксама ў гэтую сістэму далучаць электронныя сэрвісы пры міжнародных рэгулярных аўтаперавозках пасажыраў ды іншае.

Мяркуецца, што новая сістэма продажу квіткоў пачне працаваць з 1 траўня 2027 года. У ёй можна будзе знайсці актуальную інфармацыю аб раскладзе, маршрутах і даступнасці машын усіх перавозчыкаў, магчымасць выбраць аптымальны маршрут паездкі з прапанаваных, адсочваць рух аўтобусаў, браніраваць месцы і дыстанцыйна купляць праязныя дакументы ды аплачваць праезд. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.