Сталі вядомыя падрабязнасці карупцыйнай справы на "Камунарцы"

Экс-дырэктар "Камунаркі" Сяргей Анюхоўскі / sb.by
Былога гендырэктара кандытарскай фабрыкі "Камунарка" Сяргея Анюхоўскага вінавацяць у перавышэнні паўнамоцтваў і атрыманні хабару ў буйным памеры. Падрабязнасці правы даведалася аб'яднанне былых сілавікоў BelPol.
Пра затрыманне Анюхоўскага паведамлялася ў мінулым годзе. Тады ж СМІ пісалі, што яго адпусцілі з-пад варты.
У 2022-2024 гадах Анюхоўскі дамагаўся дзяржфінансавання для праекта па перапрацоўцы какава-бабоў з выкарыстаннем лічбавага анлайн-кантролю якасці. Паводле інфармацыі BelPol, ён загадаў падначаленым унесці ў бізнес-план заведама фальшывыя звесткі: завысіць капітальныя інвестыцыі ды сфальсіфікаваць паказчыкі эканамічнай эфектыўнасці. Гэтае заданне выканала экс-начальніца аддзела эканомікі і фінансаў Вольга Таран (цяпер яе вінавацяць у службовым падлогу).
Анюхоўскі накіраваў на экспертызу некалькі варыянтаў бізнес-плана — і праект уключылі ў дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця. На яго рэалізацыю было вылучана 30,6 млн рублёў з інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама.
Следства мяркуе, што Анюхоўскі арганізаваў электронны аўкцыён па закупцы абсталявання так, каб перамагла кітайская кампанія "Біяома". Пры гэтым афіцыйны пастаўшчык з Германіі, як сцвярджаецца, прапаноўваў тое ж абсталяванне на 1 млн еўра танней. Кантракт з "Біяома" быў заключаны прыкладна на 6 млн еўра (53 млн юаняў).
Следства ацэньвае шкоду ад дзеянняў Анюхоўскага ў 22,8 млн рублёў — гэта лічыцца асабліва буйным памерам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.