Дырэктар "Камунаркі" прабыў некалькі сутак у СІЗА — "Наша Ніва"

Сяргей Анюхоўскі / 1prof.by
Дырэктар кандытарскай фабрыкі "Камунарка" Сяргей Анюхоўскі некалькі дзён прабыў у СІЗА, але ў выніку выйшаў на волю, піша "Наша Ніва" са спасылкай на свае крыніцы.
Прычынай затрымання маглі стаць схемы, якія выкарыстоўвала прадпрыемства, каб арганізаваць працу ва ўмовах санкцый. "Праз санкцыі і іншыя з'явы, звязаныя з глабальным сусветным крызісам, многія буйныя замежныя гульцы ў сегменце кандытарскай вытворчасці згарнулі свае пастаўкі ў Беларусь", — казаў раней Анюхоўскі.
Паводле звестак выдання, дырэктара затрымалі ў красавіку 2024 года, у сілавікоў узніклі да яго пытанні праз нюансы ў аплаце імпартных тавараў. Дырэктара прадпрыемства змяшчалі ў следчы ізалятар, але напярэдадні Усебеларускага народнага сходу вызвалілі. На "Камунарцы" ўпэўненыя, што Анюхоўскага выратаваў статус дэлегата УНС — маўляў, трымаць дэлегата за кратамі падчас сходу не наважыліся.
Анюхоўскі дагэтуль узначальвае прадпрыемства. Яму 44 гады. "Камунаркай" ён кіруе з 2021 года. Раней быў дырэктарам на прадпрыемстве "Чырвоны харчавік" у Бабруйску. У 2019-2024 быў чальцом Савета Рэспублікі. Яго бацька раней таксама быў сенатарам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.