Алігарх Гуцэрыеў выйграў у Судзе ЕС — яго выкрасляць з санкцыйнага спісу

Міхаіл Гуцэрыеў і Аляксандр Лукашэнка

Міхаіл Гуцэрыеў і Аляксандр Лукашэнка

Расійскі алігарх Міхаіл Гуцэрыеў выйграў справу ў Судзе ЕС. Яго выкрасляць з санкцыйнага спісу, куды ён быў унесены за падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

Гуцэрыеў прабыў пад санкцыямі 4 гады і 4 месяцы. Адзін раз ён ужо падаваў апеляцыю — і прайграў. Але сёння суд вырашыў па-іншаму.

Алігарх заявіў, што яго самы вялікі бізнес-праект у Беларусі — Нежынскі горна-ўзбагачальны камбінат — нацыяналізаваны і ён больш не мае да яго дачынення. Таксама ён адмовіў, што атрымліваў значную выгаду ад паставак сыравіны на беларускія НПЗ падчас расійска-беларускага нафтавага крызісу ў 2020 годзе — і Савет ЕС не змог даказаць адваротнае.

Суд ЕС пагадзіўся, што "тое, што Гуцэрыеў з'яўляецца буйным бізнесоўцам, не азначае, што ён падтрымлівае рэжым Лукашэнкі". І не знайшоў доказаў таго, што алігарх размясціў супрацоўнікаў расійскіх СМІ ў гатэлі "Рэнесанс" у Мінску і даставіў іх у краіну на ўласным самалёце.

У выніку еўрапейскія санкцыі супраць Гуцэрыева былі адмененыя. А Савет ЕС мусіць аплаціць судовыя выдаткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.