Школа Ірыны Абельскай змяніла і засакрэціла ўласнікаў — "Бюро"

Ірына Абельская з сынам — Мікалаем Лукашэнкам
У Мінскай міжнароднай гімназіі, якой раней валодала маці Мікалая Лукашэнкі Ірына Абельская, сёлета ў сакавіку адбыліся істотныя структурныя змены.
Аператарам прыватнай школы з чэрвеня 2020 года з’яўлялася юрыдычная асоба "Мінская міжнародная гімназія". Яна, у сваю чаргу, належыць кампаніі "Гарызонты ведаў", якую ў верасні 2019-га зарэгістравала сама Абельская. У кастрычніку 2020-га яна перадала кампанію кіпрскаму афшору Blatberg Holdings Limited, які звязваюць з расійскім алігархам Міхаілам Гуцэрыевым. Будаўніцтвам гімназіі займалася беларуская фірма "СертусАвія" – "дачка" Blatberg Holdings Limited.
20 сакавіка 2025 года ўнітарнае прадпрыемства "Гарызонты ведаў", як даведаліся расследвальнікі "Бюро", змяніла форму ўласнасці на ТАА. Памяняўся і від дзейнасці кампаніі — замест "агульная сярэдняя адукацыя" сталі "комплексныя паслугі па абслугоўванні будынкаў".
Праз чатыры дні кампанія Blatberg Holdings Limited выйшла са складу ўласнікаў "Гарызонтаў ведаў".
Магчыма, "Гарызонты ведаў" Міхаіла Гуцэрыева маглі папрасіць аддаць "па-добраму" ў сувязі з ускладненнем адносінаў паміж ім і Аляксандрам Лукашэнкам. Як паведамлялі чэшскія СМІ, расійскі мільярдэр з 2022 года таемна вёў перамовы з амерыканскім Федэральным бюро расследаванняў (ФБР) і чэшскімі спецслужбамі. Ён прапаноўваў перадаць сакрэты Лукашэнкі і Пуціна ў абмен на зняцце санкцый з сябе і сваіх актываў, аднак пагаднення дасягнуць не ўдалося.
Праз месяц пасля выкрыцця таемных перамоваў Гуцэрыева з заходнімі спецслужбамі ён расказаў журналістам, што ў Беларусі ў яго нацыяналізавалі кампанію "Слаўкалій", якая займалася інвестпраектам па будаўніцтве Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната. Група Гуцэрыева "Сафмар" уклала ў праект паўмільярда долараў і грошы назад дагэтуль не атрымала.
У Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР) звестак пра цяперашняга бенефіцыяра элітарнай прыватнай гімназіі няма. Расследвальнікі "Бюро" звярнуліся ў Мінюст са скаргай на ўтойванне інфармацыі. Чыноўнікі на гэта адказалі: "Інфармацыя [пра ўласнікаў юрыдычных асоб] уключаецца органамі рэгістрацыі ў АДР на падставе дакументаў, пададзеных самім суб’ектам гаспадарання. Адпаведна, інфармацыя з АДР падаецца ў аб’ёме, які ўтрымліваецца ў АДР. Іншымі звесткамі, не ўключанымі ў АДР, Міністэрства юстыцыі не валодае".
Дарэчы, раней з АДР такім жа чыфнам знікла інфармацыя пра ўладальнікаў сеткі хуткага харчавання "Мак.бай".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.