Ціханоўскі прапанаваў Еўрасаюзу "фінляндызацыю" Беларусі

Сяргей Ціханоўскі ў Еўрапарламенце / скрыншот выступу
Святлана і Сяргей Ціханоўскія 22 кастрычніка выступілі ў Страсбургу перад дэпутатамі Еўрапарламента.
Ціханоўскі згадаў сваё вызваленне пры пасярэдніцтве ЗША і заявіў, што яго прыярытэт — вызваленне ўсіх палітвязняў.
"Але што наконт краіны Беларусь? Гэта страчаная справа?" — запытаўся ён у прысутных. Экс-палітвязень заявіў, што за апошнія пяць гадоў сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. Пры гэтым ён абвінаваціў прадстаўнікоў ЕС у нерашучасці, якая каштавала беларусам свабоды:
"Колькасць людзей, якія выйшлі на вуліцы супраць Лукашэнкі, была ашаламляльнай. Калі б маштабаваць гэтую лічбу адносна насельніцтва Расіі, гэта было б эквівалентна 15 мільёнам чалавек. Няма шанцаў, што Пуцін выжыў бы ў такім адкрытым паўстанні. На кароткі час быў момант, калі мы думалі, што можам перамагчы. Некаторыя з чыноўнікаў урада Лукашэнкі выказвалі сімпатыю, але заставаліся нясмелымі. Яны не перайшлі на бок народа. Чаму? Таму што, калі прыйшоў час, рускія з'явіліся для бітвы. Еўрапейцы — не.
Праз нерашучасць Еўропы Беларусь — прыгожая нацыя з моцнымі заходнееўрапейскімі каштоўнасцямі, гэтая нацыя, якая была цалкам гатовая стаць членам ЕС… Нас пакінулі адных, і Масква ўзяла верх. Гэта было не толькі трагічна і несправядліва — гэта таксама была сур'ёзная стратэгічная памылка. Не здолеўшы спыніць Пуціна ў Беларусі, Еўропа зрабіла вайну ва Украіне амаль непазбежнай".
Для таго каб пераламіць сітуацыю, Ціханоўскі прапанаваў Еўрасаюзу пачаць граць актыўную ролю і праявіць ініцыятыву. Як выйсце ён прапанаваў "фінляндызацыю" Беларусі.
"Падумайце пра Фінляндыю да яе ўступлення ў NATO. Фінляндыя навучылася жыць побач са складаным суседам і пры гэтым будаваць паспяховую, незалежную краіну без уступлення ў вайну. Гэта быў асцярожны баланс, разумная стратэгія. Еўропа выйграла б, калі б Беларусь стала нейтральным мостам паміж ЕС і Расіяй. Беларусы таксама выйгралі б. Гэта было б добра для абодвух бакоў. Адназначна бяспройгрышнае рашэнне", — заявіў экс-палітвязень.
Пуцін, на яго думку, захоча выкарыстоўваць Беларусь як буферную краіну. Злучаныя Штаты не змогуць ваяваць адначасова ў Азіі, на Блізкім усходзе і ў Еўропе, кажа Ціханоўскі. Таму Еўрасаюз павінен стаць асноўным памочнікам Беларусі на шляху да дэмакратыі.
"Ваша насельніцтва складае велізарныя 500 мільёнаў. Ваш ВУП складае 17 адсоткаў ад сусветнага! Вашы агульныя выдаткі на дапамогу Украіне складаюць усяго нуль цэлых адну дзясятую адсотка. Нешта падказвае мне, вы маглі б рабіць значна больш. Вам проста патрэбна ўпэўненасць. Вам проста патрэбна лідарства. Вам проста трэба пачаць дзейнічаць сур'ёзна!" — заклікаў ён.
Ціханоўскі заявіў, што беларускія дэмакратычныя сілы маюць план "фінляндызацыі" Беларусі, а Еўрасаюз — інструменты, рэсурсы і сілу, каб зрабіць яго рэальным.
"Цяпер ваш выбар, Еўропа. Не падвядзіце нас. Не так, як мінулы раз! Жыве Беларусь!" — завяршыў ён свой выступ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.