Брэсцкая абласная міліцыя афіцыйна пракаментавала канфлікт у вёсцы Страдзеч

Брэсцкая абласная міліцыя абнародавала на сваім сайце афіцыйны каментар наконт інцыдэнта ў вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна.
Як паведамляла Еўрарадыё, увечары 21 кастрычніка ў гэтай вёсцы выбухнуў канфлікт паміж мясцовымі жыхарамі і супрацоўнікамі ДАІ. Міліцыянты паспрабавалі канфіскаваць аўто аднаго з вяскоўцаў — абараняць яго выйшлі суседзі. Сваімі аўтамабілямі яны заблакавалі выезд службовай машыне ДАІ. На месца здарэння былі выкліканыя Следчы камітэт і пракуратура. Прыезду прадстаўнікоў гэтых органаў людзі чакалі да раніцы 22 кастрычніка.
Раніцай каментаваць канфліктную сітуацыю прадстаўнікі Следчага камітэта, раённай пракуратуры і ДАІ на месцы адмовіліся. Аднак на сайце Брэсцкай абласной міліцыі з'явіўся афіцыйны прэс-рэліз з нагоды гэтага канфлікту.
"21 кастрычніка каля 19.00 нарад ДПС ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама, рухаючыся па вуліцы Аляксандрава ў вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна, з дапамогай гукавой прылады і ўключэннем маячкоў чырвонага колеру паспрабаваў спыніць аўтамабіль Volvo. Кіроўца не выканаў патрабаванне аб спыненні і пачаў уцякаць ад супрацоўнікаў ДАІ. Далей легкавік заехаў ў двор прыватнага дома па вуліцы Маладзёжнай, а кіроўца адмовіўся паказаць дакументы", — паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе міліцыі.
Па версіі праваахоўнікаў, за рулём Volvo знаходзіўся 24-гадовы сын уладальніка аўтамабіля, які ў 2014 годзе быў на два гады пазбаўлены правоў. Таксама ў аўтамабілі былі жонка і грудное дзіця, жыццю якіх падчас пагоні кіроўца пагражаў, груба парушаючы правілы дарожнага руху.
"Дадзены грамадзянін 22 разы парушаў ПДР, з якіх пяць разоў — за кіраванне транспартным сродкам, не маючы такога права. Парушальнік, ведаючы, што ён будзе прыцягнуты да адказнасці, па тэлефоне звязаўся са сваякамі і папрасіў іх прыехаць да яго. Сваякі, якія прыехалі на аўтамабілях, заблакавалі службовы аўтамабіль супрацоўнікаў міліцыі і пасадзілі ў Volvo сваіх малалетніх дзяцей, чым перашкодзілі эвакуацыі аўтамабіля на ахоўную стаянку. Каб пазбегнуць абвастрэння канфліктнай сітуацыі, супрацоўнікі міліцыі прынялі рашэнне не ўжываць фізічную сілу і спецсродкі ў дачыненні да парушальнікаў", — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Нагадаем, што на Руслана Бельчука, сына гаспадара машыны, склалі два пратаколы за непадпарадкаванне міліцыі і кіраванне транспартным сродкам без правоў. Малады чалавек ад тлумачэнняў адмовіўся і пратаколаў не падпісаў. Сваёй віны ён не прызнае.
Цяпер Следчы камітэт праводзіць па гэтым факце праверку.