Начальнік ДАІ расказаў, што выявіў рэйд па аўтазапраўках

Міліцыя на запраўцы / МУС Беларусі
Экстраардынарныя меры на аўтазапраўках не спатрэбіліся. Пра гэта ў эфіры тэлеканала СТБ паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў, падводзячы вынікі рэйдаў па запраўках.
Гэтыя рэйды міліцыя арганізавала пасля выступу Аляксандра Лукашэнкі. На нарадзе на мінулым тыдні ён абурыўся скаргамі ў інтэрнэце на чэргі на АЗС, утвораныя тымі, хто пакінуў машыну і пайшоў піць каву.
Ротчанкаў заявіў аб прафілактычным уздзеянні публікацый у СМІ і сацсетках на гэтую тэму: "Усе на запраўках, калі рэйдавыя групы наведвалі АЗС, аператары ведалі, як працаваць".
Таксама ён паведаміў, што аператары заправак павялічылі колькасць персаналу, каб зменшыць чэргі. "Ну і аўтааматары, можа, тыя, якія сапраўды калісьці памыліліся, зразумелі сваю памылку і такіх больш не дапускалі", — дадаў начальнік ДАІ.
Да адказнасці падчас рэйдаў прыцягвалі хіба за "спадарожныя парушэнні". Напрыклад, кіроўцаў, у якіх не было правоў на кіраванне транспартам, ці нецвярозых за рулём.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.