Блакіроўка сацсетак — самагубства для Лукашэнкі. Ці пойдзе ён шляхам Пуціна?

Блакіроўка была і застаецца непразрыстай працэдурай

Блакіроўка была і застаецца непразрыстай працэдурай / pixabay.com

— Спачатку сілавікам дазволілі адключаць інтэрнэт-рэсурсы, як ім захочацца, пасля КДБ загадаў заблакаваць “Укантакце”. Ці не заблакуюць нам у хуткім часе ўсе нармальныя сацсеткі і мэсэнджары, як гэта зрабілі ў Расіі? Ці магчыма такое сёння ў Беларусі ўвогуле, як і да чаго рыхтавацца?

Каб адказаць на пытанне чытача Еўрарадыё, мы звярнуліся да спецыяліста праваабарончай арганізацыі Human Constanta, які пажадаў застацца ананімным, але падрабязна патлумачыў, як працуюць сістэмы блакіроўкі ў Беларусі і Расіі і чаму ісці расйскім шляхам сёння — самазабойства для Лукашэнкі.

 

Ніякай праблемы блакаваць нешта ў сацсетках не было і раней, але…

— У Беларусі сістэма выбудавана такім чынам, што спачатку ёсць нейкае рашэнне дзяржаўных органаў, пасля яно спускаецца да правайдараў і ўжо правайдары на сваім абсталяванні сваімі метадамі ажыцяўляюць блакіроўкі. Адпаведна ёсць спіс, які папаўняецца, яго вядзе БелГІЭ, і адпаведна да гэтага спісу ёсць пастаянны доступ у правайдараў. Яны павінны правяраць яго часта, каб аператыўна рэагаваць, калі ў ім нешта мяняецца.

Сапраўды, нядаўна выйшла пастанова савета міністраў, якая кажа, што цяпер сілавікі могуць самі ўключаць нейкія рэсурсы ў спіс забароненых. Насамрэч, ніякай праблемы так рабіць не было і раней, але спачатку трэба было звярнуцца ў міністэрства інфармацыі, якое пасля ўключала сайты ў спіс. І КДБ, і Міністэрства ўнутраных спраў маглі звяртацца і прасіць. Зразумела, што адмовіцца было наўрад ці магчыма, але сама працэдура зацягвала працэс. Цяпер гэта можна рабіць хутчэй. Вось, у прынцыпе, усё, што змянілася.

Ці можна абскардзіць такое рашэнне? Практычна не. Любыя дзеянні супраць гэтага складаюцца ў тым, што ты проста абавязаны прыбраць інфармацыю, якая стала прычынай блакіроўкі і толькі тады, калі пашанцуе, можна гэтую блакіроўку зняць. І ўсё роўна, гэта ўсё займала і займае доўгі час.

Блакіроўка была і застаецца непразрыстай працэдурай. Мы не ведаем дакладна колькасць сайтаў, якія знаходзяцца ў спісе, бо гэты спіс не публікуецца. Праверыць, ці заблакаваны нейкі канкрэтны сайт — мы можам, але мы не можам пабачыць увесь маштаб таго, наколькі шмат сайтаў заблакавана.

 

Рэжыму прыходзіцца цярпець “шкодную” інфармацыю

Ці ёсць нейкія абмежаванні на тое, якія сайты можна блакаваць, якія не? Спіс падстаў для блакіроўкі настолькі вялікі, што, у прынцыпе, дазваляе заблакаваць любы сайт. У тым ліку — сацыяльныя сеткі, тыя ж відэахостынгі. 

Блакіроўка сацсетак — самагубства для Лукашэнкі. Ці пойдзе ён шляхам Пуціна?
Да блакіроўкі трэба рыхтавацца / pixabay.com

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.