Выязныя суды над "экстрэмісцкімі" старонкамі правялі ў ЖКГ і Белдзяржстраху
Выязны суд у Камянецкім раёне / kamenec.by
У Камянецкім раёне прайшлі адкрытыя выязныя суды па прызнанні старонак у інтэрнэце "экстрэмісцкімі"
Паведамленне пра гэта з'явілася ў мясцовай раённай газеце, заўважылі праваабаронцы "Вясны".
Пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі заявіў, што падчас маніторынгу былі выяўленыя "два інтэрнэт-сайты, Тэlеgram-канал, чатыры інтэрнэт-старонкі ў сацыяльных сетках "Вконтакте", Instagram, Facebook, TikTok, на якіх на сістэмнай аснове размяшчаліся публікацыі, якія змяшчалі незарэгістраваную БЧБ-сімволіку, якую ў гады ВАВ выкарыстоўвалі паліцаі і падраздзяленні, якія служылі нацысцкай Германіі" (хаця гісторыкі даказалі, што паліцыі не выкарыстоўвалі нацыянальную бел-чырвона-белую сімволіку).
Таксама пракуратура паставіла ў віну не толькі "матэрыялы, якія дыскрэдытуюць канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь", але і тое, што на гэтых старонках "дэманстравалася дзейнасць актывістаў пратэснага руху 2020 года". Акрамя таго на гэтых старонках знайшлі публікацыі з TUT.ВY, "Медыязона Беларусь" і NEXTA, якія рэжым Лукашэнкі прызнаў "экстрэмісцкімі".
Выязныя суды прайшлі 9 і 10 снежня ў ЖКГ і прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Камянецкім раёне.