Сілавікі атрымалі права блакаваць сайты і адключаць абанентаў ад інтэрнэту

Інтэрнэт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Беларусі афіцыйна набыў моц новы парадак блакавання інтэрнэт-рэсурсаў. Згодна з ім сілавыя органы атрымалі права абмяжоўваць доступ да сайтаў, а таксама часова ці канчаткова адключаць абанентаў ад сувязі і інтэрнэту. Адпаведная пастанова Саўміна з'явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з ёй, Генпракуратура, КДБ, Следчы камітэт ці МУС могуць падаваць хадайніцтвы аб блакаванні сайтаў, інтэрнэт-рэсурсаў ці асобных паслуг сувязі. Пасля гэтага Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі ўносіць у спецыяльны спіс адпаведныя дамены, IP-адрасы або URL. Аператары абавязаныя паставіць заглушкі на такія сайты на працягу чатырох гадзін.
Пад блакаванне можа трапіць не толькі асноўны сайт, але і ўсе яго паддамены. Пры спробе трапіць на рэсурс карыстальнікі атрымаюць апавяшчэнне пра абмежаванне.
Доступ можа быць адноўлены пасля ліквідацыі парушэнняў. Пры гэтым рашэнне будзе прымаць ўпаўнаважаная асоба, але ў выпадку адмовы ўладальнік рэсурсу або абанент можа абскардзіць яго.
Тое самае датычыць паслуг сувязі: абанента могуць часова адключыць ад паслуг або цалкам скасаваць дагавор, калі ён парушае правілы. Падключэнне да сувязі і інтэрнэту можа быць адноўленае пасля ліквідацыі парушэнняў, але канчатковае рашэнне застаецца за ўпаўнаважаным органам.
Прыпыненне паслуг сувязі дзейнічае шэсць месяцаў, калі сілавікі не вызначылі ў хадайніцтве іншы тэрмін. Калі за гэты час рашэнне аб аднаўленні сувязі так і не прымуць, аператар абавязаны цалкам спыніць такія паслугі. Да заканчэння шасці месяцаў абанент можа сам скасаваць дамову з аператарам.
Таксама аператару могуць забараніць заключаць новыя дагаворы з абанентам, якому сілавікі вырашылі адключыць сувязь і інтэрнэт. Іншаму абаненту такі нумар нельга перадаваць на працягу трох месяцаў.
Пастанова набыла моц пасля апублікавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.