БФФ не запрашала Ганчарэнку ўзначаліць зборную краіны па футболе

Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футболу” абвергла размешчаную на адным з інтэрнэт-рэсурсаў навіну пра тое, што з былым галоўным трэнерам расійскай “Кубані” Віктарам Ганчарэнкам, які раней працаваў у БАТЭ, вядуцца перамовы наконт працы ў зборнай Беларусі.

У афіцыйнай заяве БФФ, апублікаванай на сайце федэрацыі, гаворыцца, што гэтая навіна “не адпавядае рэчаіснасці”.

“Як раней паведамлялася ў сродках масавай інфармацыі, Віктар Міхайлавіч сапраўды ўваходзіць у лік магчымых кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь, аднак уся інфармацыя, якая тычыцца перамоваў, фінансавых аспектаў і тэрмінаў патэнцыйнага пагаднення, з’яўляецца не болей за плён фантазіі карэспандэнтаў памянёнага рэсурсу”, — дзначаецца ў паведамленні БФФ.

Сам Ганчарэнка, як паведамляе Tribuna.com, назваў інфармацыю наконт працы галоўным трэнерам зборнай Беларусі “трызненнем”.

“Гэта трызненне ад пачатку і да канца. Па-першае, ніякай размовы ні з кім з кіраўніцтва АБФФ на гэтую тэму не было. Па-другое, калі ў такога кшталту навіны ўплятаецца яшчэ і сума кантракту, то, на маю думку, гэта знявага ў чыстым выглядзе. Гэта няправільна і непрыемна. Маё прозвішча цяпер вельмі зручна выкарыстоўваць у розных мэтах, але яшчэ раз паўтаруся, што гэта поўнае трызненне ад пачатку і да канца”, — цытуе Ганчарэнку Interfax.by