Беларускую мову забаранілі на мовазнаўчай канферэнцыі ва Украіне

Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Украіны

Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Украіны / censor.net

Выкарыстанне беларускай мовы як працоўнай забаранілі на дыялекталагічнай канферэнцыі, якую ладзіць Інстытут украінскай мовы Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Гэтаксама забаранілі і выкарыстанне рускай.

Міжнародная навуковая канферэнцыя "Дыялекты ў сінхраніі і дыяхраніі" пройдзе 9–10 кастрычніка 2025 года ў Кіеве. Арганізатары пазначылі ў афіцыйным паведамленні, што працоўнымі мовамі канферэнцыі будуць украінская, іншыя славянскія (акрамя рускай і беларускай) і англійская.

У каментары тэлеканалу "Белсат" сакратарка аргкамітэту Людміла Калеснік адказала, што такую пастанову выдаў прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук.

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра пастанову прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук Украіны №22 ад 24 студзеня 2024 года пад назваю "Аб недапушчальнасці ўдзелу ў падрыхтоўцы выдавецкай прадукцыі з навукоўцамі, афіляванымі з установамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь". У гэтым дакуменце гаворыцца пра неабходнасць спыніць любую супрацу з навукоўцамі, звязанымі з расійскімі ці беларускімі навуковымі ўстановамі, а таксама з выданнямі і выдаўцамі гэтых краінаў.

Людміла Калеснік удакладніла, што ў апошняй канферэнцыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны навукоўцы з Беларусі бралі ўдзел, але пазіцыянавалі сябе як незалежныя даследнікі.

"А зараз мы не можам друкаваць беларускіх навукоўцаў. Магчыма, калі мы аформім як незалежных даследчыкаў… Вы ведаеце, я б з радасцю хацела вам дапамагчы, каб вы ўзялі ў нас удзел. Але гэты момант нам яшчэ трэба будзе высветліць з нашай дырэкцыяй. Проста каб у нас не было юрыдычных праблем. На жаль", — патлумачыла яна.

Адказваючы на пытанне журналістаў, прадстаўніца аргкамітэту адказала, што ведае пра ўціск рэжыму Лукашэнкі на беларускую мову. "Так, мы таксама гэта ўсё разумеем, мы таксама гэта ведаем. Мы ж супрацоўнічалі з беларускімі навукоўцамі… Мы гэта ўсё як людзі разумеем. Але ж проста ёсць жа гэтыя дакументы, таму мы так трошкі імі абмежаваныя", — дадала яна. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.