Ціханоўская і Латушка атрымалі пагрозы забойствам

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка
Павел Латушка даў паказанні раённай камендатуры паліцыі Варшавы. Гэта звязана з тым, што на адрас Святланы Ціханоўскай і самога Латушкі былі агучаныя пагрозы забойствам. Інфармацыя была публічнага характару, паведамляецца ў тг-канале Латушкі.
"Пасля правядзення дазнання сабраныя матэрыялы і доказы накіраваныя камендатурай паліцыі на адрас акруговага пракурора Варшавы з мэтай прыняцця рашэння аб далейшых працэсуальных дзеяннях. Асабістыя звесткі асобы, якая адрасавала пагрозы на адрас Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі, былі ідэнтыфікаваныя дзякуючы арганізацыі BELPOL", — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што пагрозы сыходзілі ад асобы, якая пражывае на тэрыторыі Польшчы. Паколькі адзін з адрасатаў (Латушка) таксама пражывае ў гэтай краіне, расследаванне знаходзіцца ў юрысдыкцыі Польшчы.
"Мы адзначаем, што за апошнія месяцы колькасць пагроз, правакацый і іншых супрацьпраўных дзеянняў значна ўзрасла. Усе гэтыя пагрозы накіраваныя супраць дзейнасці дэмакратычных інстытутаў, якія з'яўляюцца альтэрнатывай рэжыму Лукашэнкі", — пракаментаваў Латушка.
Раней Латушка даў паказанні ваеннаму пракурору Нацыянальнай пракуратуры Польшчы пра факты пагроз, шантажу, подкупу і спробаў вярбоўкі з боку спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да супрацоўнікаў НАУ і дэлегатаў Каардынацыйнай Рады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.