Украіна расследуе расійскія катаванні палонных на тэрыторыі Беларусі

Расійскі фільтрацыйны лагер у Нароўлі

Расійскі фільтрацыйны лагер у Нароўлі / t.me/opersvodki

Ва Украіне расследуюць справу аб ваенных злачынствах на часова акупаваных тэрыторыях Украіны і ў самой Расіі. Цяпер у гэтую справу дадалі эпізоды аб катаваннях у Беларусі. Расследаваннем займаецца Галоўнае следчае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны.

Справу пачалі яшчэ 15 красавіка 2022 года —  адразу пасля вызвалення ад акупацыі Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей. Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на крыніцу, блізкую да праваахоўных органаў Украіны, цяпер у справе шмат эпізодаў жорсткага абыходжання з украінскімі ваеннапалоннымі і цывільнымі грамадзянамі.

Пацярпелымі па справе праходзяць больш за 300 чалавек. Некалькі дзясяткаў прызнаныя падазраванымі — гэта грамадзяне Расіі і Украіны, якія незаконна затрымлівалі ўкраінцаў і змяшчалі іх у турмы, калоніі, імправізаваныя ізалятары.

Іх вінавацяць у сексуальным, фізічным і псіхалагічным гвалце. Затрыманых хацелі прымусіць прыняць расійскае грамадзянства, перадаць паролі да адабраных тэлефонаў і банкаўскіх картак, а таксама атрымаць ваенныя звесткі і прызнанне ў дапамозе Узброеным сілам Украіны. Сярод абвінавачаных ёсць вайскоўцы не толькі рэгулярных фармаванняў, але і прыватных расійскіх груповак, у тым ліку прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер".

Суразмоўца Свабоды не ўдакладніў, якія эпізоды катаванняў на тэрыторыі Беларусі расследуюць у рамках справы.

Вядома, што расійскі фільтрацыйны лагер быў у Нароўлі ў Гомельскай вобласці. Ён дзейнічаў на пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Таксама паведамлялася прынамсі пра два выпадкі смерці дэпартаваных у Беларусь украінцаў. 96-гадовая ўкраінка памерла ў доме-інтэрнаце для старых у Ветцы Гомельскай вобласці. А ў снежні 2023 года стала вядома пра смерць 15-гадовай Арыны Яцюк, якую расіяне паранілі ў сакавіку 2022-га пад Кіевам пры спробе эвакуявацца. Яе цела знайшлі ў моргу Мазыра Гомельскай вобласці і апазналі ва Украіне па ДНК. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.