"З'язджайце з краіны. Астатняе — латарэя": што рабіць, калі пісалі Гаюну

Кіберпартызаны расказалі, як сілавікі могуць вас знайсці. / Euroradio
Мікіта Лосік даслаў фатаграфіі ў бот "Гаюна" яшчэ ў 2023 годзе. Кіраваўся парадамі, пасля адпраўкі здымкаў выдаліў і чат, і нават сам тэлеграм-акаўнт. Але ў красавіку 2025 сілавікі затрымалі яго проста ў інтэрнаце.
Цяпер Мікіта жыве ў Літве, хоць мог быць у калоніі-пасяленні. Служба эвакуацыі BySol дапамагла яму выбрацца з Беларусі. Мы пагаварылі з Мікітам і праваабаронцамі каб зразумець, які маштаб ціхіх рэпрэсій па справе "Гаюна" насамрэч разгарнуўся ў Беларусі. А спецыялісты "Кіберпартызан" дапамаглі нам зразумець, як сілавікі высочваюць беларусаў, якія пісалі ў бот. І чаму нішто, акрамя ад'езду з Беларусі, не можа вас засцерагчы.
"Яны заляцелі да мяне а шостай раніцы, у інтэрнаце ўсе яшчэ спалі"
Мікіта і не думаў з'язджаць, пакуль да яго не прыйшлі з ператрусам і не паказалі ў тэлефоне ўсе здымкі, якія ён адпраўляў у бот. І ён прызнае: з'ехаць з дому праз патэнцыйную небяспеку, праз тое, што яшчэ не здарылася, вельмі складана. Але раіць усім, хто хоць аднойчы кантактаваў з ботам "Гаюна", гэта зрабіць.

— У лютым 2023 года я ішоў з працы. Метрах у 10-15 ад таго завода, дзе я працаваў па размеркаванні пасля ўніверсітэта, праходзяць чыгуначныя шляхі. Гэта недалёка ад Оршы. І ўсе цягнікі, якія едуць у Маскву ці з Масквы, так ці інакш праязджаюць праз Оршу — гэта буйны чыгуначны вузел.
І ў той дзень я ўбачыў вельмі вялікі эшалон з тэхнікай. Там былі і танкі, і зеніткі, і вагоны, і грамадзянскія вагоны — я так разумею, у іх ехаў асабісты склад.
Як і любы нармальны, прыстойны чалавек, я быў не згодны з тым, што адбываецца ва Украіне. І я хацеў зрабіць хоць нешта, каб дапамагчы Украіне ў гэтай вайне, — распавядае Мікіта.
І ён зрабіў здымкі тэхнікі на чыгуначных шляхах і адправіў іх у бот "Гаюна". Ён не думаў, што справа скончыцца Літвой, і тым больш — хіміяй.
У лютым 2025 года даныя тых, хто пісаў у бот, трапілі ў рукі сілавікоў. Мікіта быў упэўнены, што да яго не прыйдуць, — бо ён да таго часу выдаліў не толькі перапіску, але і сам акаўнт на Тэлеграме. У сакавіку ён нават з'ездзіў у Расію — яго ніхто не спыніў ні на шляху туды, ні па вяртанні.
А ў красавіку 2025 года да Мікіты прыйшлі. Ён не адразу зразумеў, адкуль фота апынуліся ў сілавікоў.
— Не было ні папярэдніх званкоў, ні запрашэнняў на гутарку. Яны проста заляцелі а 6 раніцы. У інтэрнаце ўсё яшчэ спалі — на працу няхутка. Мяне і суседа па пакоі паклалі тварам у падлогу. Іх было 6-8 чалавек у поўным абмундзіраванні, у шлемах, з аўтаматамі. Яны крычалі, каб я не рухаўся. Але фізічнага ўздзеяння не ўжывалі — хутчэй усё гэта было для застрашэння.
Мікіта ўпэўнены, што затрыманых па гэтай справе нашмат больш, чым мы ведаем. У камеры следчага ізалятара ён сядзеў яшчэ з двума затрыманымі па той жа справе. І гэта пры тым, падкрэслівае Мікіта, што ў сілавікоў ёсць сакрэтнае правіла — не саджаць палітычных разам, не дазваляць ім мець зносіны адзін з адным і дзяліцца парадамі.

Усе крымінальныя справы па так званай "справе Гаюна" узбуджаюцца паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса ("садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"), кажа Віка.
— Гэтая норма выкарыстоўваецца выключна рэпрэсіўна: людзям інкрымінуюць перадачу фатаграфій або паведамленняў, што не ўтрымліваюць прыкмет гвалту і датычацца грамадска значнай інфармацыі. Такія дзеянні з’яўляюцца грубым парушэннем свабоды выказвання меркаванняў, уключна са свабодай атрымання і распаўсюджвання інфармацыі. Гэта парушэнне як уласнай Канстытуцыі, так і міжнародных абавязкаў Беларусі, — кажа юрыстка.
Паводле дадзеных праваабаронцаў, пакаранне па гэтай справе вар’юецца ад хатняй хіміі да пазбаўлення волі ў турме. А асобныя затрыманыя месяцамі ўтрымліваюцца пад вартай. Ва ўразлівым стане знаходзяцца і сваякі затрыманых па гэтай справе — як і цалкам сваякі палітзняволеных. За імі вядзецца нагляд, іх абмяжоўваюць у правах гэтак жа, як і саміх палітвязняў.
Мікіта Лосік кажа, што "адпрацоўваюць" нават тых, хто троліў "Гаюна" і замест таго, каб адпраўляць здымкі вайсковай расійскай тэхнікі, пісаў у бот пахвалу Лукашэнку. Малады чалавек распавядае, быццам адзін з такіх жартаўнікоў таксама апынуўся затрыманы.
— Я асабіста з ім не размаўляў, але чуў пра гэта ад людзей, якім давяраю. І я ўпэўнены, што для іх няважна, што менавіта вы даслалі — фота, відэа ці паведамленне "Лукашэнка — наш прэзідэнт". Важна, што вы кантактавалі з ботам, і значыць, час да заканчэння следства праведзяце ў СІЗА.
"Кіберпартызаны" пра тое, як сілавікі вас вылічаюць: "З'язджайце, астатняе — латарэя"
Мікіта выдаліў чат, выдаліў акаўнт — і гэтага аказалася недастаткова. А што трэба зрабіць, каб сілавікі не знайшлі вас пасля камунікацыі з ботам "Гаюна"? Што-небудзь наогул можна зрабіць? Спыталі пра гэта прадстаўніка "Кіберпартызан".
— Спосабаў вылічыць чалавека, які пісаў у "Гаюн", даволі шмат. Шмат што залежыць ад таго, што менавіта вы пісалі. Універсальная рэкамендацыя толькі адна — з'ехаць з краіны. Усё астатняе — латарэя.
"Кіберы" вылучылі некалькі хваляў затрыманняў па справе "Гаюна". Спачатку сілавікі прыйшлі да тых, хто сам перадаў боту свае звесткі. Напрыклад, да тых, хто пісаў: "Я, Іван з вёскі такой-та, працую ў такой-та кампаніі, служу ў такой-та вайсковай частцы".
У першую хвалю затрыманняў трапілі і тыя, каго лёгка вылічыць па акаўнце ў Тэлеграме. Калі ў вас неананімны акаўнт, у якім вы раскрываеце сваё поўнае імя, публікуеце фота і не хаваеце нумар тэлефона — вы першы ў зоне рызыкі. Унікальны нік, які супадае з нікам неананімнага профілю ў соцсетках — таксама рызыка.
А яшчэ ваш акаўнт у Телеграме могуць "здэаноніць" знаёмыя, якіх ужо затрымлівалі па палітычных справах.
— Дапусцім, пры даглядзе Тэлеграма знайшлі ID у перапісцы або кантактах, перапісалі і высветлілі праз затрыманага чалавека, каму належыць гэты акаўнт, — тлумачаць "Кіберпартызаны".
Калі вы пазналі сябе ў гэтых апісаннях і размаўлялі з "Гаюном " — хутчэй за ўсё, сілавікі да вас ужо прыйшлі. А як яны могуць знайсці вас, калі вы больш сур'ёзна ставіцеся да бяспекі?

— Тут пачынаецца аналітычная праца з данымі. Усё моцна залежыць ад таго, што менавіта чалавек пісаў і дасылаў у бот. Для вылічэння звяртаюць увагу на інфармацыю з паведамленняў таго, хто пісаў: дату, каардынаты падзеі, дадатковую інфармацыю (напрыклад, што чалавек працуе або жыве ў месцы здымкі).
Калі сілавікі атрымліваюць гэтыя звесткі, далей яны карыстаюцца базай "Маяк". Гэта значыць, глядзяць, чые тэлефоны высвечваюцца ў паказаны час і паказаным месцы дзеяння вышкі сотавай сувязі.
— Напрыклад, чалавек у адным паведамленні напісаў, што бачыў перамяшчэнне тэхнікі ў Баранавічах а 10:00 10 траўня. А ў другім — што сфатаграфаваў тэхніку ў Маладзечне ў 19:30 19 траўня. І вось ужо выбарка звужаецца: будзе не так шмат абанентаў, якія былі і ў адным, і ў другім месцы. У большасці выпадкаў, хутчэй за ўсё, гэта будзе адзін чалавек, — тлумачаць "Кіберпартызаны".
Многае, вядома, будзе залежаць ад таго, пра якія менавіта населеныя пункты ідзе гаворка. Калі гэта шматлюдныя раёны Мінска, то яны могуць заблытацца. Але чым больш паведамленняў аб перамяшчэнні тэхнікі ў розных месцах вы адправілі, тым прасцей становіцца іх праца. І чым дакладней вы назвалі каардынаты, па якіх знаходзіліся, калі рабілі фота, тым прасцей вас знайсці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.