У Беларусі новы віток хапуноў за пратэсты і па "справе Гаюна" — праваабаронцы

Акцыя пратэсту ў жніўні 2020 года / Еўрарадыё
У Беларусі адбываюцца масавыя затрыманні за ўдзел у пратэстах і па "справе Гаюна", піша "Вясна". Пра гэта праваабаронцам распавялі людзі, якія нядаўна выйшлі з ізалятара на Акрэсціна.
Згодна з іх інфармацыяй, многія трапляюць за краты у межах 4-й часткі артыкула 361 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) па "справе Гаюна". Большасць затрыманых — мужчыны. Фігурантаў гэтай спраавы адпраўляюць у СІЗА.
Апроч таго шмат беларусаў затрымліваюць і па "народным" 342-м артыкуле (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Гэта звязваюць з тым, што ў жніўні скончыцца тэрмін даўніны прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстах, таму сілавікі стараюцца схапіць як мага больш людзей, якія засвяціліся ў 2020-м годзе.
Паведамляецца, што затрыманых на Акрэсціна па-ранейшаму ўтрымліваюць у нечалавечых умовах у перапоўненых камерах.
Маніторынгавы праект "Беларускі Гаюн" спыніў працу ў лютым. Дагэтуль ад пачатку вайны ён адсочваў перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі ў Беларусі і інфармаваў пра дроны, якія ляцелі праз нашу краіну. Праект давялося закрыць пасля таго, як стала вядома пра уцечку данных інфарматараў "Гаюна". Людзі, якія дасылалі фота і відэа ў чат-бот праеекта, апынуліся ў небяспецы.
Першыя затрымнні па "справе Гаюна" адбыліся ў сакавіку. Затрыманым высунулі абвінавачанні ў "дапамозе экстрэмізму". Ім паагражае да 8-мі гадоў зняволення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.