Медалі Рады БНР атрымалі беларускія добраахвотнікі ва Украіне

Медаль Рады БНР "За баявыя заслугі"

Медаль Рады БНР "За баявыя заслугі" / Рада БНР

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне медалямі "За баявыя заслугі".

За асабістую адвагу ўзнагароджаныя байцы палка Каліноўскага і падраздзялення "1514" — агулам 75 чалавек. У іх ліку 12 афіцэраў адзначаныя афіцэрскімі (залатымі) медалямі. Дзевяць байцоў узнагароджаныя пасмяротна.

Узнагароджанне прымеркаванае да Дня беларускай вайсковай славы, які адзначаецца сёлета. У сваім звароце старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла апелюе да гістарычнай памяці: "У 1514 годзе нашыя продкі перамаглі нашмат большае маскоўскае войска. Сёння мужнасць выяўляеце вы, змагаючыся супраць расійскіх агрэсараў ва Украіне. Менавіта ў гэтай бітве вырашаецца і лёс Беларусі, і будучыня ўсяго еўрапейскага кантыненту".

У мінулыя гады Рада БНР ужо ўзнагароджвала беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца з расійскімі агрэсарамі ва Украіне, медалямі Ордэнау Пагоні і медалём "За баявыя заслугі". Акрамя таго баец палка Каліноўскага Міраслаў Лазоўскі і баец Другога інтэрнацыянальнага легіёну Узброеных сілаў Украіны Марына Зайцава былі пасмяротна ўганараваныя Ордэнам Жалезнага Рыцара.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.