Тытул "Міс Беларусь 2025" атрымала ўраджэнка Данецка, якая ўцякла ад вайны

"Міс Беларусь 2025" Алена Кучарук

"Міс Беларусь 2025" Алена Кучарук / БЕЛТА

"Міс Беларусь 2025" нарадзілася ў Данецку. Мама забрала яе з Данбаса ў 2014-м, калі Расія ўварвалася ва Украіну.

Сёння 18-гадовая Алена Кучарук жыве ў Полацку. Калі ёй было сем гадоў, сям'і давялося бегчы ад развязанай расіянамі вайны.

"Мая мама беларуска. Мы прыехалі да бабулі на лета, як мы гэта рабілі часта. Мая бабуля жыве ў Полацкім раёне, у аграгарадку Гараны. За лета мама зразумела, што не хоча рызыкаваць дзецьмі, і мы вырашылі застацца тут. А тата застаўся там", — расказвае "Міс Беларусь". І дадае, што сувязі са сваякамі з Данецка не засталося.

Дзяржаўныя медыі пішуць, што Кучарук "вырасла ў простай сям'і": мама працуе ў сацыяльнай сферы, старэйшая сястра — рэабілітолаг. Што сёння з яе бацькам — не ўдакладняюць.

Дзяўчына не мадэль — яе жыццё звязанае з музыкай. Алена займаецца вакалам, а вучыцца ў Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы на дырыжора акадэмічнага хору.

Пераможцы "Міс Беларусь" дасталіся ўпрыгожванні і касметыка ад партнёраў конкурсу, а галоўны прыз – новы Geely.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.