Колькасць навуковых дысертацый у Беларуси — на мінімуме за 50 гадоў

Акадэмія навук, ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА
Колькасць навуковых дысертацый у Беларусі знаходзіцца на гістарычным мінімуме за апошнія паўстагоддзя. Пра гэта на 12-м Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які праходзіць у Берліне, заявіў дырэктар інстытута "Палітычная сфера" Андрэй Казакевіч.
Па словах Казакевіча, у 2021 годзе ў Беларусі былі абароненыя толькі 333 дысертацыі, пры тым што ў 2018 годзе іх было 495, а ў 2013 годзе — 574.
"Падзенне 2021 года звязана з палітычным крызісам, і яно не было адыграна ў наступныя гады. Можна сказаць, што сярэдняя колькасць дысертацый, якія абараняюцца, знаходзіцца на гістарычным мінімуме з 1970-х гадоў", — перадае DW словы Казакевіча.
Даследчык канстатаваў, што дысертацыі па эканоміцы, палітычных навуках і сацыялогіі на 100% пішуць і абараняюць па-руску. Па-беларуску пішуць толькі 14% навуковых работ па філасофіі і 33% — па гісторыі.
Апошнія гады беларуская дзяржава спрабуе павялічыць фінансаванне навукі: у 2020-м на гэтую сферу было вылучана 13,7 млн долараў, у 2023-м — 17,4 млн.
Пры гэтым, кажа Казакевіч, беларуская даследчая супольнасць у сацыяльных і гуманітарных навуках застаецца самай малалікай у рэгіёне — нават у параўнанні з балтыйскімі краінамі, дзе насельніцтва ў некалькі разоў меншае за Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.