Захаваць патэнцыял. У Эстоніі прайшоў другі з’езд беларускіх навукоўцаў Еўропы

У праграме былі навуковыя даклады, нефармальныя дыскусіі і тэхнічныя воркшопы
У Эстоніі адбыўся другі з’езд беларускіх навукоўцаў “Вялікі Воз”, у якім узялі ўдзел больш за дваццаць даследнікаў з Польшчы, Швейцарыі, Нямеччыны, Літвы, Францыі, Італіі, Вялікай Брытаніі і Эстоніі.
У праграме былі навуковыя даклады, нефармальныя дыскусіі і тэхнічныя воркшопы. Беларускія навукоўцы абмяркоўвалі праблемы ў эміграцыі, магчымасці стварэння праектаў грамадзянскай навукі і пытанні этыкі ў даследаваннях. Асобны блок быў прысвечаны стварэнню і развіццю беларускамоўных STEM-праектаў.
Сваёй мэтай арганізатары ставяць стварэнне прасторы для беларускіх навукоўцаў, раскіданых па свеце, каб запускаць сумесныя адукацыйныя і даследчыя праекты.
— Гэта стратэгічны інструмент для захавання і развіцця беларускага інтэлектуальнага і тэхналагічнага патэнцыялу за межамі краіны, універсальная пляцоўка для абмеркавання інавацыяў, міждысцыплінарнай супрацы і ўмацавання адзінства беларускай акадэмічнай супольнасці, — адзначаюць арганізатары.
На з’ездзе былі прадстаўнікі такіх дысцыплін, як клеткавая біялогія, археалогія і археагенетыка, геноміка, астрафізіка, арганічная хімія, матэрыялазнаўства, сацыяльная экалогія.
З’езд арганізавала Згуртаванне беларускіх суполак Эстоніі пры падтрымцы агенцтва ESTDEV.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.