МЗС Украіны пракаментавала затрыманні па "справе Гаюна" ў Беларусі

Кіеў, Украіна

Кіеў, Украіна

Міністэрства замежных спраў Украіны пракаментавала шматлікія затрыманні ў Беларусі, звязаныя са справай праекта "Беларускі Гаюн".

"Перакананыя, што такія адвольныя затрыманні маюць на мэце стварэнне “абменнага фонду”, дзякуючы якому Аляксандр Лукашэнка разлічвае купляць сабе індульгенцыі ў абмен на невінаватых людзей, якіх ён трымае ў турмах", — гаворыцца ў заяве  ўкраінскага ведамства. Міністэрства замежных спраў Украіны выказалася пра рэпрэсіі па справе "Беларускага Гаюна".

Так МЗС пракаментавала заяву беларускіх праваабаронцаў з цэнтра "Вясна", якія заявілі, што суды па "справе "Гаюна" ў Беларусі ідуць амаль кожны дзень. Нягледзячы пра тое, што ім дакладна вядомыя імёны толькі 88 фігурантаў, змешчаных пад варту, насамрэч затрыманых значна больш.

У асноўным па гэтай сраве праходзяць людзі, якія дасылалі ў чат-бот маніторынгавай ініцыятывы "Беларускі Гаюн" інфармацыю пра перамяшчэнні расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. То-бок, хацелі дапамагчы ўкраінцам супрацьстаяць расійскай агрэсіі.

"Рэпрэсіі беларускага рэжыму ўяўляюць сабой сістэматычнае і грубае парушэнне правоў чалавека і фундаментальных міжнародна-прававых дакументаў, такіх як Дэкларацыя правоў чалавека і Хельсінкскі заключны акт, — сцвярджаюць у МЗС Украіны. — Масавыя арышты і пазбаўленне волі грамадзян Беларусі па так званай «справе Гаюна» з'яўляюцца безумоўным пацвярджэннем гэтага".

Усе крымінальныя справы па так званай "справе Гаюна" узбуджаюцца паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса ("садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці"). Еўрарадыё распавядала, што рабіць беларусам, калі яны дасылалі здымкі ў бот "Гаюна", які стаў дасяжным для сілавікоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.