Беларускія кантрабандныя цыгарэты грузяць у транзітныя кітайскія кантэйнеры ў РФ

Цягнік, ілюстрацыйнае фота
Беларускія цыгарэты кантрабандай возяць праз польскую мяжу з дапамогай новай схемы. Пра яе паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
Кантрабандысты вывозяць партыю беларускіх цыгарэт у прымежную з Беларуссю Смаленскую вобласць Расіі. Фактычнай мяжы там няма, а мытны дагляд амаль не ажыццяўляецца. Груз размяшчаюць на адной з невялікіх станцый, праз якую ідуць кітайскія транзітныя цягнікі ў Еўропу.
"Па папярэднім узгадненні з мясцовымі дыспетчарамі кантэйнерны цягнік няпланава спыняюць на 20-40 хвілін пад падставамі непрыёму ці загружанасці вузлавой станцыі, якая ляжыць наперадзе. Падчас такога прыпынку кантрабандысты ўскрываюць кантэйнеры, пагружаныя на платформы, і загружаюць у іх цыгарэты. Прычым вусыкрываюцца не выпадковыя, а менавіта тыя кантэйнеры, якія ў далейшым будуць перагружаныя на польскім баку. Аб'ём загружанай прадукцыі абмежаваны толькі часам стаянкі цягніка", — апісваюць схему чыгуначнікі.
Для гэтага на кантэйнеры, напрыклад, зрываюць пломбы, а пасля загрузкі кантрабанды ставяць фальшывыя. Кантрабандысты загадзя ведаюць, у якой кантэйнер грузіць цыгарэты, а нумар пломбы ім паведамляюць чыгуначянікі-саўдзельнікі па аформленых накладных.
Другі спосаб — выразаць люк у даху ці падлозе кантэйнера. Потым яго маскірукюць з дапамогай металу, кампазітаў, шкловалакна і адпаведнай фарбы.
Загружаныя кантрабандай кантэйнеры ідуць транзітам праз Беларусь, а далей — у Польшчу.
Супольнасць чыгуначнікаў адзначае, што схема "зарадкі кантэйнераў" цыгарэтамі непасрэдна на тэрыторыі Беларусі дзейнічае даўно і пастаўленая на паток. Кантрабандысты выкарыстоўваюць малазагружаныя станцыі — Хлюсціна пад Оршай і Лясная каля Баранавічаў.
Новаўвядзенне з загрузкай цыгарэт у Расіі, на думку Супольнасці чыгуначнікаў, выкліканая ўваходам "новага гульца", які хоча пазбегнуць канкурэнцыі з беларускімі дзялкамі і заставацца недасяжным для беларускіх сілавікоў.
Кошт "паслугі" па непланавай затрымцы аднаго кантэйнернага цягніка — ад 2 да 4 тысяч долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.