Беларуская чыгунка пусціць дадатковыя цягнікі на Каляды і Новы год

У першую чаргу гэтыя цягнікі будуць курсіраваць па найбольш запатрабаваных кірунках, паведамляе Interfax.by са спасылкай на прэс-цэнтр Беларускай чыгункі.

Такіх кірункаў тры: “Мінск — Брэст — Мінск”, “Мінск — Гомель — Мінск” і “Мінск — Віцебск — Мінск”. Апроч таго, у перыяд святаў дадатковыя цягнікі звяжуць паміж сабой Віцебск і Магілёў, Мінск і Полацк, Мінск і Пінск.

Большая частка з прызначаных дадатковых цягнікоў будзе курсіраваць 24, 25, 30 і 31 снежня — на гэтыя дні чакаецца найвялікшы пасажырапаток. Апроч таго, у саставы цягнікоў, якія ўжо ходзяць па гэтых маршрутах, будуць уключацца дадатковыя вагоны.