Беларуска знайшла лічынак у цукерках "Чырвоны каптурок"

Цукеркі з чарвякамі

Цукеркі з чарвякамі / кадр з сацсетак

Беларуска апублікавала ў адным з чатаў відэа з чарвякамі, якіх знайшла ў цукерках "Чырвоны каптурок". Прысмакі ад фабрыкі "Камунарка" яна набыла ў краме "Маяк" у Віцебску.

"Вось такія сюрпрызы знаходзяцца ў цукерках "Чырвоны каптурок. Залатая калекцыя" ад "Камунаркі". Каштуюць 40 рублёў за кілаграм. З усёй упакоўкі без лічынак было толькі чатыры цукеркі!" — каментуе аўтарка відэа.

У каментары дзяржаўнаму інфармагенцтву "Мінск-Навіны" на "Камунарцы" заявілі, што пасля з'яўлення відэа аддзел кантролю якасці пачаў сваё расследаванне. Парушэнняў якасці не выявілі: "Уся выпушчаная "Камунаркай" прадукцыя, накіраваная на рэалізацыю ў гандлёвыя аб'екты, правераная па арганалептычных, фізіка-хімічных і паказчыках бяспекі ў адпаведнасці з зацверджанымі графікамі і схемамі вытворчага кантролю, што пацвярджаецца вынікамі вытворча-тэхналагічнай лабараторыі прадпрыемства, а таксама незалежнымі акрэдытаванымі лабараторыямі".

Прадстаўнік "Камунаркі" заявіў, што на заводзе працуе сістэма кандыцыянавання. На складзе фабрыкі таксама сочаць за тэмпературай і вільготнасцю, а ад казурак на вокнах стаяць маскітныя сеткі.

У няякаснай прадукцыі, на думку супрацоўніка "Камунаркі" можа быць вінаватая крама: "Камунарка" гарантуе якасць сваёй прадукцыі, калі пакупнікі і крамы выконваюць умовы захоўвання: тэмпература павінна быць не вышэйшай за 15°, а вільготнасць — не больш за 75%. Няякасны прадукт падлягае вяртанню ў гандлёвы аб'ект, у якім быў набыты. У выпадку неабходнасці гандлёвы аб'ект звяжацца з вытворцам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.