Беларусь зачыняе сваю амбасаду ў Ізраілі

Беларусь зачыняе сваю амбасаду ў ізраільскім Тэль-Авіве. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным каментары прэс-сакратара беларускага МЗС Дзмітрыя Мірончыка, распаўсюджаным 7 студзеня.
“Звычайная дыпламатычная практыка такая, што на закрыццё амбасады адказваюць аналагічным чынам, — гаворыцца ў каментары. — Са шкадаваннем вымушаныя пацвердзіць, што ў сувязі з аналагічным рашэннем Ізраіля аб закрыцці амбасады ў Мінску Беларусь, кіруючыся прынцыпам узаемнасці, таксама вымушаная зрабіць комплекс захадаў па завяршэнні дзейнасці сваёй дыпламатычнай місіі ў Тэль-Авіве”.
Таксама у каментары МЗС адзначана, што “ізраільскі бок робіць памылку, ігнаруючы той факт, што нас звязваюць лёсы дзясяткаў тысяч людзей, для якіх Ізраіль і Беларусь з’яўляюцца блізкімі і роднымі краінамі, а таксама ў цэлым пазітыўную дынаміку двухбаковых адносінаў у розных сферах”.
У сваім Твітэры МЗС адкаментавала гэтае рашэнне ў гумарыстычным стылі, змясціўшы “калядны” твіт: “Ізраільская амбасада ў Мінску адчынялася двойчы. У нас кажуць, што Бог любіць тройцу. Каляднае...”
У жніўні ўлады Ізраілю прынялі рашэнне пра закрыццё сямі сваіх амбасадаў у розных краінах у мэтах эканоміі сродкаў. У спісе гэтых краінаў апынулася і Беларусь.
З 26 лістапада паміж Беларуссю і Ізраілем пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым.
Фота з архіву
