Беларусь не дамовілася з Расіяй пра аднаўленне паставак прадуктаў
Перамовы, якія прайшлі 29 лістапада, не далі выніку.
У суботу намеснік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Ігар Брыло сустрэўся з кіраўніком Россельгаснагляду Сяргеем Данквертам. На гэтай сустрэчs расійскі бок выставіў Беларусі новыя прэтэнзіі. Паводле Россельгаснагляду, цягам апошнім трох год беларускі бок не вырашаў належным чынам праблемы з бяспекай паднагляднай і падкаранціннай прадукцыі. Цяпер, калі Расія ўвяла забарону на імпарт прадукцыі з ЕС, гэтыя праблемы абвастрыліся.
Напрыклад, сёлета Россельгаснагляд накіраваў у Мінск ажно 43 ліста з просьбай правесці службовае расследаванне ў сувязі з выяўленымі парушэннямі пры пастаўках прадукцыі жывёльнага паходжання. На гэтыя лісты было атрымана ўсяго 5 адказаў. Ёсць прэтэнзіі і да бяспекі расліннай прадукцыі. Апроч гэтага, Расія шмат разоў выяўляла геном чумы свіней у гатовай мясной прадукцыі з Беларусі. Таксама выяўленыя каналы буйнамаштабнай кантрабанды тавараў з беларускай тэрыторыі.
Такім чынам, расіяне патрабуюць як мага хутчэй змяніць існуючую сітуацыю і гарантаваць бяспеку сыравіны і харчовай прадукцыі, прызначанай для расійскага рынку. Сярод патрэбных захадаў — перадухіленне транзітных паставак прадукцыі па фальшывых ці падробленых дакументах.
У сваю чаргу беларускі Мінсельгасхарч адзначае, што ўвядзенне часовых абмежаванняў на пастаўкі прадукцыі ў Расію робіць негатыўны ўплыў на двухбаковы гандаль. Беларусь просіць аднавіць пастаўкі ўжо з 1 снежня. Мінск гатовы да перамоваў па ўдасканаленні на тэрыторыі Мытнага саюза сістэмы лабараторнага маніторынгу харчовай прадукцыі па асобных фактарах рызыкі. Таксама Мінсельгасхарч гатовы стварыць сумесную камісію па выяўленні шляхоў, якімі геном АЧС трапляе ў прадукцыю шэрагу беларускіх мясакамбінатаў, паведамляе БелаПАН.