Арыштавалі начальніка камітэта аховы здароўя Мінска Ігара Юркевіча — НН
Ігар Юркевіч / minsknews.by
У Мінску па падазрэнні ў атрыманні хабару ўзялі пад варту начальніка камітэта аховы здароўя Ігара Юркевіча. З канца мінулага працоўнага тыдня ён знаходзіцца ў СІЗА, піша "Наша Ніва".
Ігар Юркевіч з 2023 года займаў пасаду старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама. На гэтую пасаду ён быў прызначаны ўжо другі раз і меў перспектыву стаць наступным міністрам аховы здароўя.
Юркевічу 49 гадоў, ён паходзіць з медыцынскай дынастыі. У 2017-2019 Юркевіч быў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама, адказным за сацыяльную сферу. Ён паказваў сябе адкрытым чыноўнікам, катаўся з журналістамі на роварах, першае інтэрв'ю даваў незалежным медыя. Разам з тым менавіта яго подпіс стаіць пад адказам, што мемарыяльная шыльда да 100-годдзя БНР ўсталяваная не будзе.
На мінулым тыдні Юркевіч перастаў з'яўляцца на рабоце і заходзіць у месенджары. Паводле інфармацыі НН, яго затрымалі пры атрыманні хабару. За карупцыю чыноўніку можа пагражаць да 15 гадоў зняволення незалежна ад памеру атрыманай сумы.