Амаль траціна беларусак "не выконвае план" па нараджэнні дзяцей — віцэ-прэм'ер

Уладзімір Каранік

Уладзімір Каранік

Згодна з апытаннямі, большасць жанчын у Беларусі хоча мець дваіх дзяцей, але 30% гэты план не выконваюць. Пра гэта віцэ-прэм'ер Уладзімір Каранік заявіў перад форумам "Сям'я — аснова дэмаграфічнага патэнцыялу дзяржавы".

"Апытанні паказваюць тое, што большасць беларусак плануюць мець двух дзяцей, а гэта фактычна толькі ўзровень узнаўлення. Гэта значыць, дэмаграфічнага росту мы пры гэтым не бачым. Але пры гэтым нават 30% усё ж такі гэты план не выконваюць у поўнай меры — маюць адно дзіця", — перадае словы чыноўніка прэс-служба Мінпрацы.

Паводле Караніка, жанчыны сталі пазней выходзіць замуж з прычны павышэння ўзроўню жыцця, гендарнай роўнасці, роўных магчымасцяў удзельнічаць у эканоміцы краіны і рабіць кар'еру.

"Яны плануюць дасягнуць нейкіх поспехаў у прафесійнай дзейнасці, у кар'еры, а нараджэнне дзяцей адкладаюць на потым", — дадаў чыноўнік. І паскардзіўся, што праз гэта падае нараджальнасць у краіне.

Каранік заявіў, што плануецца пашыраць меры падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Таксама чыноўнік паведаміў пра сувязь менталітэту беларусаў з канонамі праваслаўя, праз што сфармавалася "асаблівае стаўленне да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.