Аляксандра Лукашэнку пачастуюць мёдам з радыяцыйных тэрыторыяў

16 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка адправіўся з працоўнай паездкай у Хойніцкі раён Гомельшчыны. Плануецца, што ён наведае Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, паведамляе яго прэс-служба.
Кіраўніку дзяржавы распавядуць аб радыелагічнай абстаноўцы ў рэгіёне, экалагічных працэсах, якія адбываюцца ў запаведніку, і яго працы па мінімізацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Акрамя таго, размова пойдзе пра вынікі эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці Палескага запаведніка і перспектывы яго развіцця. Сярод іншага ён зверне ўвагу на сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну, хаду сельскагаспадарчых работ і нарыхтоўкі кармоў.
Лукашэнку пакажуць узоры прадукцыі, якая вырабляецца ў запаведніку. Мяркуецца, што ён наведае пчальнік, дзе ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання зямель атрымліваюць "нарматыўна чысты" мёд. Акрамя таго, яго завязуць на ферму, дзе займаюцца развядзеннем і вырошчваннем племянных коней.
У навуковым цэнтры запаведніка Лукашэнка азнаёміцца з арганізацыяй лабараторнага аналізу і кантролю радыелагічнай абстаноўкі, агледзіць музей гісторыі запаведніка.