Аляксандр Шагойка: З клуба выгналі як сабаку, нічога нікому не патлумачыўшы
У футбольным клубе “Белшына” з Бабруйска адбываюцца вялікія змены. Практычна ўвесь леташні склад каманды замянілі. Кажуць і пра таемнага інвестара, які хоча набыць клуб з усёй яго інфраструктурай. А гэта і стадыён, і 9-павярховы гатэль у цэнтры горада, і саўна… Што адбываецца ў камандзе мы запыталі ў ужо былога капітана “Белшыны” Аляксандра Шагойкі.
Еўрарадыё: Што цяпер адбываецца ў вашай камандзе? Кажуць, інвестар новы прыйшоў, але пагадненне з ім яшчэ не падпісанае, што склад каманды змяняецца?
Аляксандр Шагойка: З тымі, хто быў ў камандзе ў мінулым годзе, кантракты не падпісаныя. У камандзе застаўся толькі адзін чалавек з леташняга складу. А наконт падпісання пагаднення з інвестарам вам і сапраўды цяпер ніхто не скажа, бо ўсё гэта пачалося не далей, як тыдзень таму. І афіцыйна вам гэта сапраўды ніхто не пацвердзіць. Але тое, што ўжо ёсць новая каманда, новы трэнер і што каманда ўжо паехала на зборы — гэта праўда.
Еўрарадыё: Калі з былога складу каманды застаўся толькі адзін футбаліст у новым складзе, то цікава, што гэта за новыя людзі ў камандзе, адкуль яны ўзяліся?
Аляксандр Шагойка: Разам з новымі інвестарамі прыйшлі новыя людзі, новыя агенты. І яны прывялі з сабой сваіх падапечных, знаёмых нейкіх… І на дадзены момант ужо ёсць новая каманда, ёсць новы галоўны трэнер і яны сёння паехалі ў Пінск на зборы. Наколькі я ведаю, у каманду будуць прыязджаць гульцы з Расіі, іншых краін…
Еўрарадыё: У футбалістаў леташняга складу каманды ўжо, атрымліваецца, няма спадзяванняў застацца ў камандзе?
Аляксандр Шагойка: А мы ўжо даведаліся, што мы не патрэбныя. Мы ўчора былі ў клубе і спрабавалі даведацца пра сваё будучае хоць штосьці, але з намі нават не сустрэўся ніхто з кіраўніцтва — ні галоўны трэнер, ні новы мэнаджар клуба, які набірае каманду. Але праз трэція рукі даведаліся, што мы больш клубу не патрэбныя.

Еўрарадыё: Некага з новых футбалістаў каманды вы ведаеце?
Аляксандр Шагойка: Так, гэта вядомыя па беларускіх мерках футбалісты: Канцавы (Арцём Канцавы, гуляў і БАТЭ і “Нёмане”, — Еўрарадыё), Матвеенка (Антон Матвеенка, гуляў у “Шахцёры”, — Еўрарадыё), Афанасьеў (Міхаіл Афанасьеў, гуляў у клубе “Гомель”, — Еўрарадыё), з нашых застаўся Барыс Панкратаў. Я так разумею, што гэта тыя людзі, якіх запрасіў новы агент. Яны разам з новым галоўным трэнерам набіраюць абсалютна новую каманду.
Еўрарадыё: І што вы, з кім кантракт не падпісаны, будзе рабіць?
Аляксандр Шагойка: Будзем займацца працаўладкаваннем. Тое, што я не патрэбны клубу, у якім правёў столькі часу, я даведаўся толькі ўчора, і таму часу на тое, каб знайсці працу, не было. Але калі вы кажаце пра спробы нейкай справядлівасці дамагчыся, то нічога некаму даказваць я не збіраюся — гэта дарэмна ўсё. Сітуацыя такая: прыйшлі людзі з вялікімі грашыма, сказалі што і як павінна быць — і ўсё.
Еўрарадыё: Варыянты новай працы ёсць?
Аляксандр Шагойка: У мяне агента няма. Хацелася б верыць у тое, што я дастаткова вядомы чалавек у беларускім футболе і не прападу. Мне ўжо ўчора вечарам пачалі тэлефанаваць і прапаноўваць працу. Цяпер я спрабую выбраць з таго, што ёсць, і з таго, што будзе найбольш выгадна. Безумоўна, гэта найперш беларускія клубы. Але я не выключаю верагоднасці, што гэта будзе нейкі клуб з блізкага замежжа.
Еўрарадыё: Магчыма, у вас і атрымаецца перайсці ў іншы клуб, а наколькі верагодна, што працу знойдуць усе — ці не давядзецца некаму на будоўлю ісці?
Аляксандр Шагойка: Верагоднасць такая сапраўды існуе, бо цяпер вельмі цяжка знайсці забяспечаны клуб — паўсюль у футболе складаная сітуацыя. Тыя, хто больш-менш засвяціўся у футболе, клуб сабе знойдуць. Хай не ў вышэйшай, а ў першай лізе, але знойдуць. А так… Знайсці клуб вельмі цяжка. У нас няма інфармацыйнай базы, дзе можна было б даведацца, што гульцы засталіся без каманды — у нас усё праз знаёмых ці агентаў. Вось, пакуль ніхто не ведае, што ў нас леташні склад каманды застаўся без працы. Можа, дзякуючы СМІ пра гэта даведаюцца і нейкія званкі нам пойдуць. Цалкам верагодна, што маладыя футбалісты застануцца без працы і ў выніку — па-за футболам.
Еўрарадыё: Можаце сказаць, які ў вас быў заробак у клубе? Ці хаця б параўнаць з сярэднім заробкам па Бабруйску?
Аляксандр Шагойка: Назваць лічбу не магу: у мяне быў кантракт, па якім я не маю права пэўны час гэтую лічбу агучваць. Калі я не выканаю гэтае абавязальніцтва, то на мяне могуць падаць у суд. Скажу так: калі ты не гуляеш у адным з беларускіх топ-клубаў, “Шахцёры”, БАТЭ ці “Дынама”, то грошай ты не заробіш. Заробку хапае на нармальнае, сярэдняе жыццё. На кватэру, машыну і дарагія рэчы я не зарабіў, шчыра скажу. Не такія вялікія грошы мы атрымліваем, як камусьці падаецца. У клубах, апроч трох названых, пастаянныя запазычанасці. Больш скажу, у 2015-ым годзе ў клуба перада мной упершыню за апошнія пяць гадоў не было запазычанасці па заробку. Прычым, мне да гэтага часу за 2014-ты год вінныя восем ці дзевяць заробкаў. А палічыце: тады долар быў дзесяць тысяч, а цяпер — дваццаць тысяч, я згубіў у два разы.
Еўрарадыё: Але ж гэтыя грошы вам усё адны павінны выплаціць, хоць і кантракт з вамі не працягнулі?
Аляксандр Шагойка: У сярэдзіне 2015-га года мы падалі скаргу ў Беларускую федэрацыю футбола. Скаргу нашу задаволілі і вынеслі рашэнне: сказалі, што будзе забарона на рэгістрацыю новых гульцоў у новым сезоне 2016-га года да таго моманту, пакуль нам не будзе выплачаны апошні рубель. Паглядзім, ці разлічыцца новае кіраўніцтва. Але на дадзены момант забарона дзейнічае: новых футбалістаў рэгістраваць нельга.
Еўрарадыё: Як па-вашаму, вас падманулі і клуб, і горад?
Аляксандр Шагойка: Калі браць бок матэрыяльны, то гэта жыццё, такія цяпер законы. Калі могуць прыйсці людзі з грашыма і рабіць што заўгодна. Калі ж браць бок маральны,то, вядома, крыўдна, калі ты аддаеш клубу вельмі шмат часу, сіл і здароўя, а з табой паступаюць такім чынам, то вельмі крыўдна. Нават не за тое, што не працягнулі кантракт — гэта павінна было быць зроблена інакш, мне падаецца. З намі мусілі сустрэцца, расказаць сітуацыю, патлумачыць. Тады людзі зразумеюць і прымуць. А калі як сабаку выгналі, нічога нікому не патлумачыўшы, то, зразумела, крыўдна…
Фота: babruysk.by