Ахвярай трайнога ДТЗ пад Мінскам стаў вядомы расійскі спартсмен

Ахвярай трайнога ДТЗ пад Мінскам стаў вядомы расійскі спартсмен

Ахвярай трайной аўтааварыі, якая здарылася ўвечары 11 лютага пад Мінскам, стаў вядомы расійскі спартсмен. Гэта заслужаны трэнер Якуціі, чэмпіён Расіі па вольнай барацьбе Валерый Керамясаў.

Ён рыхтаваў да Алімпійскіх гульняў у Рыо-дэ-Жанейра барца зборнай Беларусі Уладзіслава Андрэева. У Мінску спецыяліст трэніраваў свайго падапечнага да старту на 46-м Міжнародным турніры на прызы Аляксандра Мядзведзя, які пачнецца ў сталіцы 17 лютага.

Па факце аварыі, у якой сутыкнуліся маршрутка, легкавік і грузавая фура, Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. У здарэнні таксама пацярпела восем чалавек — кіроўцы ўсіх трох транспартных сродкаў і пасажыры маршруткі Віцебск — Мінск. Іх даставілі ў лякарню.

Крымінальная справа заведзеная за парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць чалавека.